Па беларускай дыктатуры «б'юць» па ўсіх франтах
- 6.07.2012, 10:23
Еўракамісія вельмі занепакоена сітуацыяй з выкананнем праў чалавека ў Беларусі.
Аб гэтым заявіла 5 ліпеня еўракамісар Коні Хедегард.
«Тым часам як Беларусь рыхтуецца да вераснёвых парламенцкіх выбараў, пераважае ўсеагульны клімат страху, пры якім не дапушчаюцца незалежнае палітычнае меркаванне і дэманстрацыі, а незалежным журналістам сістэматычна ствараюць перашкоды ў выкананні імі прафесійных абавязкаў», — сказала Хедегард, падчас выступлення на пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Страсбурзе.
Паводле яе словаў, кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Кэтрын Эштан ізноў заклікае беларускія ўлады «спыніць усе акты запалохвання прадстаўнікоў незалежных СМІ, грамадства і палітычнай апазіцыі, а таксама адмовіцца ад рэпрэсіўнай палітыкі».
Хедегард заявіла, што Еўразвяз вітае прыняцце Радай ААН па правах чалавека рэзалюцыі па Беларусі, ініцыяванай ЕЗ, якая заклікае ўлады краіны неадкладна выпусціць на волю ўсіх палітвязняў. «Гэта вялікі поспех Еўрапейскага звязу, — сказала яна. — Гэта рэзалюцыя заклікае неадкладна і без умоў вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, а таксама засноўвае мандат спецыяльнага дакладчыка па Беларусі, які будзе штогод прадстаўляць даклад [па сітуацыі з правамі чалавека] СПЧ і Генеральнай асамблеі ААН».
Беларускі МЗС заявіў, што афіцыйны Менск не прызнае мандат і не будзе супрацоўнічаць са спецдакладчыкам СПЧ ААН, кандыдатура якога, як чакаецца, будзе абвешчана ў верасні, паведамляе БелаПАН.