BE RU EN

МЗС назвала рэзалюцыю Еўрапарламента «заказной»

  • 6.07.2012, 13:09

З'яўленне чарговай рэзалюцыі Еўрапарламента па Беларусі ўскладняе узаемны пошук шляхоў нармалізацыі беларуска-еўрапейскага дыялогу, заяўляюць у Менску.

«З'яўленне рэзалюцыі Еўрапарламента напярэдадні важнай унутрыпалітычнай падзеі - «парламенцкіх выбараў» у Беларусі - нельга расцэньваць інакш, як адкрыты палітычны заказ тых сіл у Еўропе, якія не зацікаўлены ў выбудоўванні добрасуседскіх адносін з Беларуссю», - гаворыцца ў каментары прэс-службы МЗС Беларусі ў дачыненні да прынятай рэзалюцыі Еўрапарламента, размешчаным на сайце міністэрства.

У МЗС заяўляюць, што «штампаваць падобныя аднабаковыя і тэндэнцыйныя рэзалюцыі ўжо даўно стала для Еўрапарламента звыклай справай». «Складваецца ўражанне, што большасць еўрапарламентарыяў у іх не тое што не ўчытваецца, але нават іх не чытае. Пэўная група еўрадэпутатаў, якія кіруюцца сваімі ўнутранымі мэтамі, у гэтых умовах проста праштурхоўвае скажонае ўяўленне аб сітуацыі ў Беларусі », - адзначаецца ў каментары.

Прэс-служба беларускага МЗС адзначае, што «чарговыя заклікі да ўвядзення санкцый супраць нашай краіны, пры тым, што санкцыйныя палітыка даўно прадэманстравала сваю неэфектыўнасць і тупіковасць, толькі ўскладняюць узаемны пошук шляхоў нармалізацыі беларуска-еўрапейскага дыялогу».

«Нягледзячы на падобныя неканструктыўныя падыходы Еўрапарламента, Беларусь пацвярджае зацікаўленасць у развіцці ўзаемавыгадных партнёрскіх адносін з Еўрапейскім звязам і яго краінамі-удзельнікамі на агульнапрызнаных ў міждзяржаўных адносінах прынцыпах раўнапраўя і ўзаемнай павагі», - гаворыцца ў каментары прэс-службы МЗС Беларусі.

Напярэдадні Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

У гэтым дакуменце выказваецца крытыка беларускага закона, які абмяжоўвае свабоду СМІ, выпадкаў сістэматычнага пераследу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і актывістаў апазіцыі, а таксама забаронаў на замежныя паездкі і адвольных кароткатэрміновых затрыманняў грамадзян.

Еўрапарламент таксама запатрабаваў, каб расследаванне і абвінавачванні ў адрас журналіста польскай штодзённай «Газеты выбарчай» Анджэя Пачобута былі адмененыя.

Апошнія навіны