BE RU EN

ААН падтрымала інтэрнэт-свабоду

  • 6.07.2012, 16:29

Рэзалюцыя выклікала пярэчанні толькі Масквы, Дэлі і Пекіна.

Савет па правах чалавека ААН прыняў у чацвер рэзалюцыю аб неабходнасці забеспячэння бесперашкоднага распаўсюджвання інфармацыі ў інтэрнэце. У ёй замацоўваецца палажэнне аб тым, што правы і свабоды асобы павінны абараняцца ў інтэрнэце ў той жа ступені, што і ў рэальным жыцці. Нязгоду з дакументам выказалі толькі тры краіны - Кітай, Індыя і Расея, піша «Коммерсант».

«Свабодны паток навін і інфармацыі знаходзіцца пад пагрозай у розных краінах свету. Мы з'яўляемся сведкамі вялікага ўсплёску ўмяшання ўлад і пераследу людзей за іх дзеянні ў сетцы, часам усяго за адзін запіс у Twitter або за адно тэкставае паведамленне», - заявіла дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан, каментуючы праект рэзалюцыі Савета па правах чалавека ААН аб свабодзе ў інтэрнэце.

На галасаванні рэзалюцыю, у якой гаворыцца пра тое, што правы і свабоды асобы ў сеткавай прасторы павінны выконвацца ў той жа ступені, што і ў рэальным жыцці, падтрымалі 47 дзяржаў. «Самы важны вынік рэвалюцыі ў Тунісе - гэта права на свабоду самавыяўлення. Вось чаму мы цалкам падтрымліваем умацаванне правоў у інтэрнэце », - растлумачыў сваю пазіцыю прадстаўнік Туніса Мансэф Бааці, нагадаўшы аб тым, што ў 2011 годзе сацыяльныя сеткі згулялі немалую ролю ў падзенні рэжыму прэзідэнта Зін аль-Абідзіна бен Алі.

Некаторыя пярэчанні прагучалі толькі з боку трох краін - Кітая, Індыі і Расеі. Разам з тым прадстаўнікі КНР у выніку далучыліся да большасці, абмовіўшыся пры гэтым, што інтэрнэт-карыстальнікаў ўсё ж такі варта агароджваць ад «шкоднай» інфармацыі.

Нагадаем, ініцыятывы аб абароне фундаментальных чалавечых свабод у інтэрнэце ўзнікаюць не ўпершыню. Так, у мінулым годзе дэкларацыю на гэтую тэму прадстаўляла Арганізацыя па бяспеке і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ). За прыняцце дакумента выступалі заходнія краіны, у той час як Расея, Беларусь і шэраг дзяржаў Цэнтральнай Азіі былі рэзка супраць. На думку апошніх, замацаваныя ў дэкларацыі нормы можна трактаваць як права на ўмяшанне ва ўнутраныя справы іншых краін. У выніку дакумент так і не быў прыняты, але аўтары ініцыятывы абвясцілі, што адмаўляцца ад сваіх планаў не збіраюцца.

Апошнія навіны