Беларускі рэжым адмаўляецца ад праграм Еўразвяза
- 9.07.2012, 11:38
Менск лічыць непрымальнымі ўмовы па распрацоўцы сумесных праграм, прапанаваныя ЕЗ.
Аб гэтым заявіў журналістам у панядзелак у Менску пасол Беларусі ў Бельгіі, пастаянны прадстаўнік пры ЕЗ Андрэй Еўдачэнка.
«Мы будзем працаваць у рамках толькі тых праграм, якія будуць сумесна распрацоўвацца і ўзгадняцца», - адзначыў сталы прадстаўнік Беларусі ў ЕЗ, маючы на ўвазе, у тым ліку, і праграму «Дыялог для мадэрнізацыі».
Як перадае «Інтэрфакс», Еўдачэнка адзначыў, што калі было заяўлена аб праекце «Дыялог для мадэрнізацыі», «гаворка ішла аб тым, што ЕЗ распрацуе гэтую праграму ў цесным узаемадзеянні з намі». «Другой умовай было тое, што гэтая праграма будзе накіравана на органы дзяржкіравання Беларусі і, у той жа час, на ўсё беларускае грамадства», - працягнуў ён. Сталы прадстаўнік Беларусі ў ЕЗ канстатаваў, што «ні адна з гэтых опцый не была выканана Еўразвязам». «Беларускі бок быў не толькі не запрошаны да распрацоўкі праграмы, але і дзяржорганы былі ўнесены ў яе па рэшткавым прынцыпе», - сказаў Еўдачэнка.
«Мы не аднойчы заяўлялі, што на такія варыянты супрацоўніцтва мы не пойдзем», - заявіў чыноўнік, адзначыўшы неабходнасць сумеснай распрацоўкі і ўзгаднення праектаў ЕЗ для Беларусі.