Яшчэ аднаму выпускніку БДУ забаранілі паступаць у магістратуру за мяжой
- 1.08.2012, 9:50
Мінадукацыі спрабуе змагацца з «уцечкай мазгоў» адміністрацыйнымі метадамі.
Ад выпускніка БДУ, які хацеў працягнуць вучобу ў Польшчы запатрабавалі кампенсаваць выдаткі на навучанне. Аб гэтым ён напісаў у лісце «Нашай Ніве».
«Я - выпускнік БДУ, бюджэтнай формы навучання, - напісаў выпускнік Беларускага дзяржаўнага універсітэта Віталь. - Яшчэ ўвесну атрымаў размеркаванне на працу, а пасля атрымаў магістранцкую стыпендыю Варшаўскага універсітэта. Пакуль чакаў афіцыйнага запрашэння, пацікавіўся ў адміністрацыі факультэта, ці не будзе ў мяне праблем адносна размеркавання – бо новы кодэкс аб адукацыі дзейнічае! У адказ мяне запэўнілі, што гэта справа тэхнікі. Бяры запрашэнне, адмацаванне - і едзь ва ўніверсітэцкі аддзел кадраў. І вось, прыехаўшы з названымі дакументамі ў родны універсітэт, даведаюся, што вучыцца я магу ехаць толькі кампенсаваўшы затрачаныя на мяне за 5 гадоў сродкі».
«Пытанне вось у чым: няўжо па новым кодэксе беларусам, што дзякуючы сваім здольнасцям паступаюць на бюджэт, шлях да наступнай еўрапейскай адукацыі зачынены як мінімум на 2 гады», - піша выпускнік БДУ.
Як паведамляў сайт charter97.org, нядаўна ў аналагічнай сітуацыі апынуўся іншы выпускнік БДУ Аляксандр Шамякін. Ён паступіў у магістратуру ЕГУ, і Белдзяржуніверсітэт спагнаў з яго грошы за навучанне праз суд.