Па «мясной справе» у Барысаве пройдуць суды
- 1.08.2012, 13:00
Арыштаваныя службовыя асобы Барысаўскага мясакамбіната паўстануць перад судом.
Крымінальная справа ў дачыненні да шэрагу службовых асоб ААТ «Барысаўскі мясакамбінат» накіравана ў суд, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у сераду афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Менскай вобласці Таццяна Беланог.
«Следчым упраўленнем СК па Менскай вобласці скончаны разгляд па крымінальнай справе ў дачыненні да службовых асоб ААТ «Барысаўскі мясакамбінат», якія, выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы, ажыццяўлялі незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, звязаную з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры», - паведаміла Т.Беланог.
«Следствам устаноўлена, што са студзеня 2010 года па кастрычнік 2011 года на тэрыторыі Менска і Менскай вобласці ўдзельнікі злачыннай групы набывалі за наяўны разлік таварна-матэрыяльныя каштоўнасці ў сетцы рознічнага гандлю па фіктыўных першасных уліковых дакументах, дзейнічаючы ад імя мясакамбіната, а мясную прадукцыю, адгружаную у якасці аплаты за раней пастаўлены тавар, рэалізоўвалі за наяўны разлік», - адзначыла прадстаўнік упраўлення СК.
«Усяго ўдзельнікі арганізаванай злачыннай групы атрымалі даход ад ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў суме звыш Br1млрд. 800 млн. У сапраўдны момант у дзяржаўную казну пералічана Br400 млн. і накладзены арышт на суму звыш Br500 млн», - паведаміла Т.Беланог.
«Абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай. Матэрыялы перададзеныя ў суд. Калі віна іх будзе даказаная ў судзе, ім пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю», - праінфармавала афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Менскай вобласці.