BE RU EN

Лабіста Лукашэнкі прысудзілі да 5 гадоў турмы

  • 1.08.2012, 13:43

Кіраўнік Алімпійскага камітэта Аўстрыі Хайнц Юнгвірт прызнаны вінаватым у незаконным прысваенні каля €3,3 млн.

Крымінальны суд Вены 31 ліпеня прызнаў былога генеральнага сакратара Аўстрыйскага Алімпійскага камітэта Хайнца Юнгвірта вінаватым у незаконным прысваенні каля € 3.3 млн і прысудзіў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Падазраванні ў фінансавых махінацыях Юнгвірта на пасадзе кіраўніка нацыянальнага Алімпійскага камітэта Аўстрыі ўпершыню паўсталі ў пачатку 2009 года, пасля чаго ён сышоў у адстаўку.

Як высветлілася ў ходзе судовых слуханняў, шматтысячныя сумы «знікалі» з рахункаў Алімпійскага камітэта і часткова пераводзіліся непасрэдна на асабістыя рахункі Юнгвірта, піша «Коммерсант».

У прыватнасці, з ашчаднай кніжкі камітэта генеральны сакратар асабіста зняў € 2,23 млн наяўнымі, і практычна адначасова перавёў 847 тысячы на асабісты рахунак. З разліковага рахунку Алімпійскага камітэта на «невядомыя» патрэбы было выдаткавана каля €578 тыс. Яшчэ каля €515 тыс. былі пераведзены з рахункаў арганізацыі на чатыры асабістых рахунка яе кіраўніка, іншыя 250 тыс апынуліся на рахунках крэдытораў Юнгвірта. «Калі паглядзець на змены ў вобразе жыцця Юнгвірта, можна сабе ўявіць, дзе аселі гэтыя грошы», - сказаў суддзя Георг Ольшак. Паводле матэрыялаў суда, на выручаныя злачынным шляхам мільёны Юнгвірт набыў дзесяць коней для выездкі і манеж 70 на 20 метраў. Акрамя таго, кіраўнік Алімпійскага камітэта наняў для свайго сына высокааплатнага трэнера па выездке.

Сярод шматлікіх эпізодаў фінансавых злачынстваў, якія разглядаліся на судовым працэсе - створаны алімпійскім камітэтам у банку Raiffeisen таемны рахунак, з якога ў тым ліку аплачваўся шыкоўны адпачынак беларускага дыктатара Лукашэнкі і яго світы ў Альпах у 2002 годзе. Менавіта праз гэты рахунак і былі шчодра аплочаны ўсе капрызы беларускіх гасцей. Грошы пералічваліся асабіста Хайнцам Юнгвіртам, які прымаў актыўны ўдзел у прыёме дэлегацыі на чале з Лукашэнкай.

Абвінавачванні супраць Юнгвірта ў асноўным грунтаваліся на расследаваннях незалежных экспертаў BDO International (міжнароднай сеткі аўдытарскіх праверак).

Прысуд суда ў дачыненні да кіраўніка Алімпійскага камітэта Аўстрыі ў сілу яшчэ не ўступіў. Падсудны папрасіў суд аб прадастаўленні яму часу на абмеркаванне далейшых крокаў са сваім адвакатам.

Апошнія навіны