Купляць за такі кошт акцыі «Беларуськалія» Індыя не хоча
- 14.08.2012, 12:10
Перамовы аб куплі індыйскай кампаніяй долі акцый ААТ «Беларуськалій» ідуць на экспертным узроўні, выніку пакуль няма.
Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў аўторак у Менску амбасадар Індыі ў Беларусі Манодж Бхарці, піша «Інтэрфакс».
«Калі казаць пра адсутнасць інфармацыі (аб перамовах - ІФ), значыць, ідзе праца на ўзроўні экспертаў з двух кампаній, беларускай і індыйскай, якія дамаўляюцца», - сказаў амбасадар.
«Пакуль яны не прыйшлі да якога-небудзь пагаднення. Нам застаецца чакаць вынікаў, аб якіх будзе абвешчана», - дадаў ён.
Манодж Бхарці параіў звярнуцца за больш падрабязнай інфармацыяй аб ходзе перамоваў да «Беларуськалія», які непасрэдна ўдзельнічае ў перамовах, паколькі «амбасада, па вялікім рахунку, з'яўляецца назіральнікам».
Дыпламат таксама пацвердзіў цікавасць індыйскага боку да набыцця долі ў беларускай кампаніі. «Беларусь з'яўляецца адным з найважнейшых пастаўшчыкоў калійных і іншых угнаенняў у Індыю, і Індыя заўсёды імкнулася ўступіць у дамоўныя адносіны з Беларуссю, каб забяспечыць бесперабойныя пастаўкі», - сказаў М.Бхарці.
ААТ «Беларуськалій» з'яўляецца адзіным вытворцам хлоркалію ў Беларусі, а таксама адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаенняў на сусветны рынак. Прадпрыемства акцыянавана ў канцы жніўня 2010 года, 100% акцый належаць дзяржаве.
У ліпені бягучага года Лукашэнка заявіў, што ААТ «Беларуськалій» ацэнены ў $30-32 млрд, кантрольны пакет акцый прадавацца не будзе.