МЗС Румыніі асудзіў высылку шведскага амбасадара з Менска
- 14.08.2012, 12:37
Міністэрства замежных спраў Румынii выказала заклапочанасць дэмаршам беларускіх улад.
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС, якую прыводзіць агенцтва ActMedia (пераклад - charter97.org).
«Румынскае Міністэрства замежных спраў занепакоена рашэннем беларускіх улад аб выдварэнні амбасадара і ўсіх супрацоўнікаў дыпламатычнага прадстаўніцтва Каралеўства Швецыя. Гэты крок істотна пагоршыць адносіны паміж дзвюма краінамі», - адзначаецца ў заяве.
Таксама МЗС Румыніі падзяляе заклапочанасць з нагоды палітычнай сітуацыі ў Беларусі, якую раней выказала Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыке бяспекі Кэтрын Эштан.
Нагадаем, Камітэт па палітыке і бяспеке ЕЗ асудзіў дзеянні афіцыйнага Менска па высылцы амбасадара Швецыі, а таксама заклікаў неадкладна вызваліць палітычных зняволеных у Беларусі і цалкам іх рэабілітаваць.
Таксама ЕЗ разглядзіць магчымасць далейшых абмежаванняў палітычных кантактаў з Беларуссю і ўвядзення новых санкцый супраць кіраўніцтва краіны
Як паведамляў сайт charter97.org, 1 жніўня беларускія ўлады апавясцілі Швецыю пра непадаўжэнне акрэдытацыі амбасадару Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага амбасадара Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускай амбасады пакінуць Стакгольм.
8 жніўня МЗС Беларусі абвясціў пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Стакгольме. Шведскаму боку рэкамендавана распачаць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Менска да 30 жніўня.