На Слонімскай птушкафабрыцы яйкі з падлогі саскрэбваюць рыдлёўкай (Відэа)
- 14.08.2012, 13:43
Рабочы Слонімскай птушкафабрыкі даслаў відэа страшнай безгаспадарчасці, якая пануе на прадпрыемстве.
У сваім лісце ПЦ «Вясна» рабочы Віктар Марчык адзначае:
«Дырэктар фабрыкі Зайкоўскі Зміцер дэманструе сваю перавагу і ўладу над рабочымі. Звальняе работнiкаў па артыкуле, не задумваючыся аб іх будучыні. Нядаўна адбыўся выпадак: малады кіроўца пасля месячнай адпрацоўкі прыйшоў за сваёй працоўнай кніжкай, але яго папрасілі папрацаваць яшчэ пару дзён. Паколькі ў нас недахоп кіроўцаў (звальняюцца натоўпамі з-за «годнай» зарплаты і «карэктных і паважлівых» адносінаў з боку кіраўніцтва фабрыкі), ён пагадзіўся па-чалавечы адпрацаваць яшчэ пару дзён, але на наступны дзень не выйшаў на працу, а прыйшоў за працоўнай кніжкай. І якое ж было здзіўленне і расчараванне, калі ён убачыў у сваёй працоўнай кніжцы звальненне за прагулы. Ён, небарака, не ведаў, што заява аб звальненні анулюецца, калі ты выходзіш на працу пасля заканчэння тэрміну здачы заявы.
А вось як кіраўніцтва ставіцца да прадукцыі фабрыкі і колькі дзясяткаў, а то і сотняў мільёнаў беларускіх рублёў закапана ў зямлю. Спадзяюся, што адпаведныя органы ўлады разбяруцца з гэтым».