BE RU EN

Журналісту Генадзю Барбарычу вынеслі папярэджанне

  • 14.08.2012, 16:57

Менская гарадская пракуратура афіцыйна папярэдзіла журналіста Генадзя Барбарыча аб недапушчальнасці парушэння беларускага заканадаўства.

Як паведаміў Барбарыч БелаПАН, папярэджанне яму вынесена 14 жніўня за супрацоўніцтва з «Радыё Рацыя». «Афіцыйна я папярэджаны за працу на замежнае СМІ ў Беларусі без акрэдытацыі», - сказаў журналіст.

Ён адзначыў, што працуе як незалежны журналіст і фармальна з «Радыё Рацыя» не звязаны. «Зараз я думаю, што рабіць. Магчыма, паспрабую фармалізаваць сваё супрацоўніцтва з «Рацыяй» і атрымаць у беларускім МЗС акрэдытацыю. Хаця, мяркуючы па вопыту калег, такія спробы заўсёды былі беспаспяховымі. Пракуратура, на жаль, бачыць парушэнне ў працы без акрэдытацыі, але не бачыць парушэнняў у тым, што журналістам адмаўляюць у акрэдытацыі», - сказаў Барбарыч.

Журналіст таксама адзначыў, што «падумае, ці варта абскардзіць папярэджанне». «Не хочацца губляць час і грошы на суды, якія, баюся, не дадуць выніку», - заявіў Барбарыч.

Радыёстанцыя «Радыё Рацыя» вяшчае на тэрыторыю Беларусі з Беластока (Польшча) з 1999 года. Супрацоўнікі радыёстанцыі неаднаразова рабілі спробы атрымаць акрэдытацыю ў Беларусі, аднак гэта ім да гэтага часу не ўдалося.

Апошнія навіны