Vinsent: Удзел у цырку - гэта няправільна
- 15.08.2012, 10:09
Вядомы беларускі рэпер распавёў пра сваё стаўленне да «парламенцкіх выбараў».
Музыка упэўнены, што беларусы і без тлумачэнняў палітыкаў разумеюць сітуацыю ў краіне і неабходнасць перамен. Пра гэта ён сказаў у каментары для «Белгазеты».
«Не ведаю. Што з людзьмі размаўляць? Беларусы - гэта разумныя людзі, якія і так усё разумеюць і ўсё ведаюць. Мы можам сказаць, што ў нас народ забіты ці не забіты, але любы беларус усё разумее, ён, знаходзячыся нават у глухой вёсцы, на ўзроўні падсвядомасці разумее сітуацыю, якая зараз склалася ў краіне. Таму ўсе гэтыя пікеты - хе...ня, у прынцыпе. Удзел у цырку - гэта няправільна. Я лічу, што выбараў няма, не трэба наогул удзельнічаць. Пікет - гэта нагода, каб там нешта расказаць? Усе ведаюць сітуацыю - тупых няма», - сказаў Vinsent.
Нагадаем, Vinsent сыграў у фільме Андрэя Курэйчыка «Вышэй неба», а таксама быў выканаўцам галоўнай ролі ў фільме «Жыве Беларусь» Кшыштафа Лукашэвіча.
Ён таксама пракаментаваў звальненне акцёра Анатоля Ката з кінастудыі «Беларусьфільм» пасля яго ўдзелу ў здымках польскага фільма, дзе ён сыграў генерала сілавых ведамстваў РБ.
«Сутнасць канфлікту ясная: на «Беларусьфільме» ёсць «чорны спіс» акцёраў, якіх не будуць здымаць - напрыклад тых, хто зняўся ў фільме «Жыве Беларусь». Усё ж зразумела! Ёсць «чорны спіс» музыкаў, а зараз ёсць «чорны спіс» акцёраў», - сказаў ён.