BE RU EN

АМАПу вярнулі «брэнд»

  • 15.08.2012, 10:20

Загадам міністра ўнутраных спраў падраздзяленням міліцыі спецыяльнага прызначэння, якія ў рэгіёнах уваходзяць у склады палкоў патрульна-паставой службы, вернута ранейшая назва.

Пра гэта стала вядома «Ежедневнику».

У Беларусі першы атрад міліцыі асобага прызначэння, заснаваны яшчэ Міністэрствам унутраных спраў СССР, быў створаны восенню 1988 года. Цалкам заканамерна «першапраходцам» стаў менскі АМАП. Да гэтага выкананне заданняў, звязаных з падвышанай складанасцю і рызыкай, ускладалася на ўзводы аператыўнага рэагавання (пазней - роты спецыяльнага прызначэння), якія ўваходзілі ў склад падраздзяленняў патрульна-паставой службы.

З сярэдзіны 2000-х абрэвіятура «атрадаў» змянялася не аднойчы. Першым павевам ў змене шыльды была спроба перавесці яе на беларускую мову. Так з'явіўся АМАП.

У 2005-м рэгіянальныя АМАП ператварыліся ў спецыяльныя роты хуткага рэагавання (СРХР), што зрабіла іх сугучным іншаму сілавому падраздзяленню МУС, якое існуе ў адзіным ліку. Гаворка пра спецыяльны атрад хуткага рэагавання, які дыслакуецца на базе брыгады спецназа ва Уруччы - в/ч 3214. Новая назва праіснавала нядоўга, змяніўшыся на «падраздзяленне міліцыі спецыяльнага прызначэння» (ПМСП). Зрэшты, у штодзённай мове (а часам і ў справаздачных дакументах) па-ранейшаму фігураваў звыклы АМАП. За вяртанне гэтага наймення пры выпадку выступалі і самі супрацоўнікі «атрадаў», матывуючы тым, што АМАП - гэта свайго роду брэнд, напрацаваны гадамі нялёгкай працы.

Цяпер АМАП вярнуўся. Дарэчы, у суседняй Расеі ўсе гэтыя гады ён нікуды і не «сыходзіў». Хоць з рэфармаваннем ведамства ў паліцыю таксама перажыў некалькі пераносаў. Часам даволі кур'ёзных. У прыватнасці, расейскі АМАП паспеў нядоўга пабыць АПАНам, а затым і зусім «узвысіўся» да ААНа. Афіцыйная расшыфроўка «атрад асобага прызначэння» мала каму здалася цікавай - інтэрнэт выбухнуў жартамі, абыгрываючы сіямскую ідэнтычнасць абрэвіятуры з Арганізацыяй аб'яднаных нацый. У выніку АМАПам МУС РФ быў таксама вернуты ранейшы варыянт, з той розніцай, што зараз літара «М» азначае не «міліцыі», а «мабільны».

Апошнія навіны