BE RU EN

За заклікі да байкоту «выбараў» актывіста шукае пракуратура

  • 15.08.2012, 13:20

Глыбоцкі актывіст кампаніі «Гавары праўду» Яраслаў Берніковіч падаў подпісы на рэгістрацыю кандыдатам па Наваполацкай выбарчай акрузе № 25.

І ў той жа час прапанаваў дапамогу прыхільнікам байкоту «выбараў» - калі хтосьці вырашыцца правесці такую кампанію ў суседняй, Докшыцкай выбарчай акрузе, перадае «Радыё Свабода».

Павестку ў пракуратуру Яраслаў Берніковіч не атрымаў: ён зараз у ад'ездзе, але пра афіцыйны выклік паведамілі яго калегі, супрацоўнікі рэкламнай газеты «Прэфект-інфо». Газету выдае фірма, заснавальнікам якой з'яўляецца Яраслаў Берніковіч, паперу з пракуратуры прынеслі прама ў рэдакцыю.

Журналістам атрымалася датэлефанавацца да Берніковіча. Выклік да пракурора ён звязвае менавіта са сваім зваротам да прыхільнікаў байкоту:

«Ведаючы, што ў пракуратуру ўжо выклікалі Канстанціна Шыталя, гэта па маім звароце да нашых «байкотчыкаў», з нагоды маёй прапановы дапамагчы ў гэтай справе».

Яраслаў Берніковіч згадвае, што незалежнага журналіста Канстанціна Шыталя, які размясціў інфармацыю аб звароце да прыхільнікаў байкоту на рэгіянальным сайце westki.info, выклікалі ў пракуратуру 13 жніўня. Журналіст адмовіўся даваць тлумачэнні. І яму прыгразілі адміністрацыйнай адказнасцю, калі публікацыі падобнага зместу паўторацца.

«Міліцыянты аднекуль ведалі, што ў той дзень я буду ў Глыбокім. Маёр Адамовіч прыйшоў да мяне і прынёс павестку. Ім дадзена заданне правесці гутарку з тымі, хто выступае за байкот. У пракуратуры казалі, што будуць шукаць і самога Яраслава. Падобна на тое, што ўладу раздражняюць заклікі да байкоту, бо байкот можа перашкодзіць ўладзе зрабіць выгляд нібыта дэмакратычных выбараў. І ўлада спрабуе калі не перашкодзіць, то хаця б сапсаваць людзям настрой», - кажа Шыталь.

Апошнія навіны