Станіслаў Шушкевіч: Лукашэнка баіцца паўтарыць лёс Асада
- 15.08.2012, 17:33
Таму беларускі кіраўнік заяўляе пра падтрымку палітыкі Расеі адносна Сірыі.
Падчас візіту міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова ў Менск Лукашэнка запэўніў яго, што Беларусь цалкам падтрымлівае пазіцыю расейскага знешнепалітычнага ведамства па міжнародных праблемах, у прыватнасці, па сірыйскаму пытанню.
«Што датычыцца нашай пазіцыі па міжнародных праблемах і, перш за ўсё, гарачым кропкам, то яна цалкам супадае з ацэнкамі і дзейнасцю Расейскай Федэрацыі. Таму ў гэтым плане вы можаце быць абсалютна спакойныя і ўпэўненыя. Мы падтрымліваем усе вашы памкненні, асабліва па Сірыі, па нармалізацыі там сітуацыі», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч лічыць выказванні кіраўніка абсалютна заканамернымі і прадказальнымі.
«У Лукашэнкі няма іншага шляху, акрамя як падтрымліваць ва ўсім расейскае кіраўніцтва. Без гэтай падтрымкі Лукашэнку чакае лёс таго ж Башара Асада. Не лішнім будзе нагадаць, што сірыйскаму дыктатару ўлада перайшла ад яго бацькі, Хафеза Асада. Лукашэнка таксама не супраць перадаць уладу па спадчыне», - сказаў Станіслаў Шушкевіч у інтэрв'ю charter97.org.
На думку палітыка, для Расеі падтрымка беларускага кіраўніка не настолькі важная.
«Расеі падтрымка Лукашэнкі патрэбна як у мосце дзірка. Адзінае, у чым ён можа быць карысны, - гэта ў перапродажы расейскай зброі. Расея ўсё ж такі цывілізаваная краіна і імкнецца не парушаць міжнародныя санкцыі, накладзеныя на Сірыю», - сказаў палітык.