BE RU EN

Вярхоўны суд зноў праігнараваў скаргу апазіцыянеркі

  • 16.08.2012, 9:36

Грамадзянская актывістка са Слуцка Зінаіда Цімошак атрымала адказ з Вярхоўнага Суда на сваю скаргу.

У скарзе на імя старшыні Вярхоўнага Суда заяўніца прасіла адмяніць рашэнне суда Слуцкага раёна ад 25 лістапада 2011г. аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з адсутнасцю дакладных і дастатковых доказаў яе вінаватасці ў абразе дэпутатаў, regionby.org.

У адказе з Вярхоўнага Суда было ўказана, што «адміністрацыйнае спагнанне з'яўляецца справядлівым. Падстаў да адмены пастановы суддзі і задавальнення скаргі не маецца».

«Адказ з Вярхоўнага Суда, - кажа Зінаіда Цімошак, - практычна з'яўляецца копіяй ранейшых адказаў, якія я атрымала з абласнога суда. Новымі і нечаканымі для мяне з'явіліся аргументы намесніка старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь В. Л. Калінковіч з нагоды маіх заўваг, зробленых супрацоўнікам міліцыі. Намеснік старшыні Вярхоўнага суда лічыць, што маё абурэнне дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі па навядзенню парадку на могілках з'яўляецца доказам маёй вінаватасці.

У прыватнасці, у адказе гаворыцца: «Як вы самі паказваеце ў скарзе, вы абураліся з нагоды таго, што супрацоўнікі міліцыі білі шкляныя таблічкі нагамі, а шкло сыпалася на зямлю. У той жа час, шкло з таблічкамі на збудаваных крыжах з'яўляліся элементам дэманстратыўнай абразы асоб падчас арганізаванага вамі мерапрыемства, за правядзенне і вынікі якога вы неслі адказнасць.

Тая акалічнасць, што ваша «абурэнне» выклікаў не дадзены відавочна неправамерны факт, а спосаб стрымання і знішчэння гэтых рэчыўных элементаў правапарушэння органамі правапарадку, і што вы праявілі сваё «абурэнне» менавіта гэтым, непасрэдна паказвае на змест вашага намеру, вашу пазіцыю і ваша стаўленне да дзеянняў асоб, якія выканалі дадзеную публічную абразлівую акцыю».

«Намеснік старшыні Вярхоўнага суда, - працягнула Зінаіда, - сціпла змалчаў у сваіх высновах аб тым, што я яшчэ прасіла міліцыянтаў не біць дзяўчыну і паступіць цывілізавана: скласці пратакол здарэння. У гэтым адказе высокапастаўлены юрыст сам кажа пра тое, што акцыю ажыццявілі іншыя людзі, а я нясу адказнасць за маю пазіцыю і стаўленне да дзеянняў гэтых асоб. Але ў такім выпадку я магу несці пакаранне толькі ў выглядзе маральнай вымовы, а не фінансавых спагнанняў».

Пасля дачы паказанняў у судзе Валерыя Шчукіна 29 траўня 2012 г. грамадзянская актывістка спадзявалася на тое, што з яе будуць знятыя абвінавачванні ў абразе дэпутатаў. Таму што Валерый Шчукін вельмі падрабязна распавёў, якім чынам і з якой мэтай ён усталяваў рыдлёўкі з таблічкамі дэпутатаў на суботніку ў Слуцку 1 кастрычніка 2011г.

Апошнія навіны