BE RU EN

Мінпрыроды: Нёман змялеў з-за ўмоў надвор'я

  • 16.08.2012, 15:21

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі не пагаджаецца з высновамі літоўскіх экспертаў аб магчымых прычынах падзення ўзроўню вады ў Нёмане.

Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік дырэктара дэпартамента па гідраметэаралогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Рагозін.

Нагадаем, 2 жніўня літоўскі МЗС накіраваў ноту ў беларускае знешнепалітычнае ведамства, у якой заклікае ўлады краіны прыняць неадкладныя меры для прыпынення зніжэння ўзроўню вады ў рацэ Нямунас (Нёман), інфармаваць пра прычыны таго, што адбываецца, і дазволіць экспертам з Літвы ацаніць сітуацыю на тэрыторыі Беларусі. З аналагічным запытам Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя Літвы звярнулася ў Мінпрыроды Беларусі.

Паводле ацэнкі літоўскіх экспертаў, падзенне вады ў Нёмане ў раёне горада Друскінінкай не звязана з натуральнымі працэсамі, а выклікана чалавечай дзейнасцю. «На думку экспертаў, небяспечнае падзенне ўзроўню вады магло быць зафіксавана пасля запаўнення вадасховішча Гродзенскай ГЭС», - гаварылася ў паведамленні літоўскага знешнепалітычнага ведамства.

Як заявіў Рагозін, беларускія эксперты не звязваюць падзенне ўзроўню вады ў Нёмане з запаўненнем вадасховішча Гродзенскай ГЭС. На іх думку, прычынай сітуацыі, якая склалася, сталі кліматычныя ўмовы надвор'я ў рэгіёне. Увосень 2011 года ў Беларусі выпала анамальна малая колькасць ападкаў, і іх недахоп не быў папоўнены нават падчас вясновай паводкі.

«Для такой ракі ваганні вады на 30-40 см у апошнія гады сустракаліся досыць часта, асабліва з улікам летняй спякоты і засухі», - сказаў Рагозін.

Паводле яго слоў, апошні тыдзень ішлі дажджы і вады ў Нёмане некалькі прыбыло, хоць «сітуацыя застаецца не зусім нармальнай. Беларускія спецыялісты маюць намер правесці маніторынг узроўню вады ў Нёмане, які дазволіць зрабіць канчатковыя высновы аб прычынах сітуацыі. Чакаецца, што праца будзе завершана ў першай дэкадзе верасня.

Рагозін падкрэсліў, што ў Беларусі, у адрозненне ад Літвы, няма нормаў па ўзроўні вады ў Нёмане. Больш за тое, літоўскі бок не ўзгадняў падобныя нормы з Беларуссю.

Ён таксама паведаміў, што ў бліжэйшы час Мінпрыроды завершыць падрыхтоўку адказу на запыт літоўскага боку.

Апошнія навіны