Мінюст пагражае БНФ пісьмовым папярэджаннем
- 2.08.2012, 10:26
Партыя БНФ атрымала ад Міністэрства юстыцыі ліст пад назвай «Аб парушэннях патрабаванняў заканадаўства і ўстава».
У лісце пералічваюцца парушэнні, якія, на думку Міністэрства юстыцыі, былі дапушчаныя БНФ у арганізацыі справаводства, уліку членаў партыі, афармлення бланкаў для афіцыйнай перапіскі, выкарыстання партыйнай сімволікі. Міністэрства адзначае, што гэтыя парушэнні носяць грубы характар і могуць стаць падставай для вынясення БНФ пісьмовага папярэджання. Намеснік міністра юстыцыі Ігар Тушынскі прапануе партыі на працягу месяца ліквідаваць недахопы ў дзейнасці, прыняўшы адпаведныя рашэнні партыйных органаў.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч звязвае пільную ўвагу рэгіструючага органа да БНФ з актыўнасцю, якую разгарнула арганізацыя ў рамках выбарчай кампаніі-2012.
«Безумоўна, увага кантралюючых органаў выклікана тым, што партыя ў ходзе выбарчай кампаніі актывізавала сваю дзейнасць, нашы ініцыятыўныя групы ідуць да людзей. Неўзабаве партыя яшчэ больш павысіць сваю прысутнасць у грамадскай прасторы праз удзел у агітацыйнай кампаніі кандыдатаў, якія павінны быць вылучаны на партыйным З'ездзе 4 жніўня. Мы, у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства, паведамілі ў Міністэрства юстыцыі аб скліканні пазачарговага З'езду БНФ - і адразу ж пасля гэтага быў атрыманы гэты ліст з заўвагамі да бланкаў і ўліку членаў. Не выключана, што такім чынам можа рыхтавацца глеба для таго, каб паставіць пад сумнеў партыйнае вылучэнне нашых кандыдатаў», - цытуе прэс-служба БНФ Янукевіча.
Старшыня БНФ таксама адзначыў, што па большасці са спрэчных заўваг рэгіструючаму органу раней ужо былі дадзены тлумачэнні. Тым не менш, БНФ плануе выправіць недахопы, названыя ў лісце Міністэрства юстыцыі: будуць падрыхтаваны і прыняты новыя ўзоры партыйных бланкаў, а таксама прыняты іншыя неабходныя меры.
«Мы рыхтуемся да З'езду з мэтай вылучэння партыйных кандыдатаў у дэпутаты, і прыкладзем усе намаганні да таго, каб не даць падстаў аспрэчваць рашэнні вышэйшага партыйнага органа», - заявіў Янукевіч.