Міліцыя затрымала ілжэмінёра
- 2.08.2012, 10:33
Затрыманы менчук, які паведаміў аб планаваным выбуху чыгуначнага вакзалу.
За паведамленне аб планаваным выбуху чыгуначнага вакзалу ў Менску затрыманы мясцовы жыхар 1985 года нараджэння, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, непрацуючы, раней судзімы за крадзяжы і рабаванні.
Пра гэта БелаПАН паведамілі ў праваахоўных органах.
Па дадзеным факце праводзіцца праверка. Верагодней за ўсё, у дачыненні да затрыманага будзе ўзбуджана крымінальная справа за загадзя ілжывае паведамленне аб небяспеке (арт. 340 КК).
Нагадаем, 1 жніўня каля 20.15 у міліцыю патэлефанаваў невядомы і распавёў, што яго таварыш збіраецца падарваць вакзал. Нібыта выбухная прылада можа быць закладзена на трэцім паверсе будынка.
Усяго з трэцяга і чацвёртага паверхаў было эвакуявана каля 170 пасажыраў і работнікаў вакзалу, затрымкі ў руху цягнікоў не было.