BE RU EN

Справу аб знявечаных бакланах пачнуць разглядаць 10 жніўня

  • 2.08.2012, 10:35

Чашніцкі суд прыняў да разгляду пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па факце жорсткага абыходжання з бакланамі і прызначыў першае слуханне на 10 жніўня.

Пра гэта паведамілі БелТА ў судзе.

Як распавёў старшыня Лукомскага сельскага савета Мікалай Бакурын, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні складзены на падставе праверкі, праведзенай Чашніцкім РАУС, у дачыненні да жыхара Чашніцкага раёна. Па словах Мікалая Бакурына, падазраванаму няма яшчэ і 30 гадоў. Спрабуючы патлумачыць свой жорсткі ўчынак, малады чалавек сказаў, што бакланы - шкодныя птушкі, якія знішчаюць рыбу, таму ён і вырашыў забіць птушанят. Надклюўі мужчына зрэзаў, як яму здавалася, ужо ў мёртвых птушак.

Як паведамлялася раней, на востраве на возеры Лукомскае ў Чашніцкім раёне ў сярэдзіне чэрвеня арнітолагамі былі выяўленыя дзясяткі птушанят бакланаў з адрэзанымі надклюўямі. Па дадзеным факце Чашніцкі РАУС праводзіў праверку.

Па рашэнні раённай камісіі па аказанню дапамогі дзікім жывёлам, якія трапілі ў бядотнае становішча, раённая інспекцыя сумесна з супрацоўнікамі МНС, членамі БООР адлавілі скалечаных птушак, усыпілі іх і ўтылізавалі. Эўтаназія стала адзіным спосабам не памерці пакутлівай галоднай смерцю 28 птушкам з адрэзанай верхняй часткай дзюбы.

Баклан уваходзіць у пералік дзікіх жывёл непажаданых відаў, яго здабыча дазволена. Аднак жорсткае абыходжанне з любымі птушкамі недапушчальна і караецца законам. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва, цягне накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня складае Br100 тыс.) або адміністрацыйны арышт.

Апошнія навіны