BE RU EN

Будучыя настаўнікі набралі на ЦТ 70-80 балаў з 400

  • 2.08.2012, 12:23

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце назіраецца традыцыйны ў апошнія гады нізкі попыт на некаторыя спецыяльнасці.

Студэнтамі бюджэтнага аддзялення сталі ўсе, хто проста прынёс дакументы. У некаторых выпадках будучым педагогам хапіла набраных 80 балаў з 400 на ЦТ і з улікам атэстата, піша onliner.by.

У БДПУ імя Максіма Танка засталіся незапоўненымі бюджэтныя месцы на шасці спецыяльнасцях, паведамляецца на сайце ВНУ. На спецыяльнасці «Матэматыка/інфарматыка», «Фізіка/матэматыка», «Фізіка/інфарматыка», «Фізіка/тэхнічная творчасць», «Беларуская мова і літаратура/італьянская мова», «Беларуская мова і літаратура/кітайская мова» залічаны ўсе жадаючыя. У выніку сярод будучых настаўнікаў фізікі апынуліся чатыры абітурыента з сумай балаў у дыяпазоне 81-90, а адзін - з вынікам менш 71 бала з 400 магчымых.

Па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» прахадны бал на бюджэтнае аддзяленне склаў 153 з 400, «Пачатковая адукацыя» - 183-191. У той жа час вялікая канкурэнцыя назіралася сярод тых, хто жадае стаць лагапедам. На спецыяльнасці «Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія» прахадны бал склаў 318-322, на спецыяльнасці «Лагапедыя»- 277-295.

Нагадаем, што ў бягучым годзе ў дзяржаўныя і прыватныя ВНУ Беларусі плануецца прыняць каля 91,6 тыс. чалавек, што на 14 тыс. менш, чым у 2011 годзе. На навучанне за кошт сродкаў бюджэту запланавана прыняць 32,2 тыс. маладых людзей, гэта на 700 чалавек менш за паказчык мінулага года, з іх на дзённую форму - 24,4 тыс. (на 610 менш).

Залічэнне на завочную бюджэтную форму навучання пройдзе па 3 жніўня. Абітурыенты, якія вытрымалі ўступныя выпрабаванні, але не прайшлі па конкурсе на бюджэт, маюць права падаваць дакументы на платныя месцы па 4 жніўня.

Апошнія навіны