Намесніка старшыні «Платформы» вінавацяць у «нецэнзурнай лаянцы»
- 2.08.2012, 12:41
2 жніўня намеснік старшыні «Платформы» Алена Красоўская-Каспяровіч сустрэлася з адвакатам.
Красоўская-Каспяровіч паведаміла, што яе затрымалі 31 ліпеня каля дома, перадае «Радыё Свабода».
Да яе падышлі двое супрацоўнікаў міліцыі і, не тлумачачы прычыны, прапанавалі праехаць разам з імі. Красоўскую-Каспяровіч даставілі ў апорны пункт, дзе на яе склалі пратакол нібыта за нецэнзурную лаянку.
Яна таксама распавяла, што падчас складання пратаколу ўчастковы міліцыянт кудысьці тэлефанаваў і ўдакладняў, што яму рабіць далей. Потым супрацоўніцу «Платформы» даставілі ў турму на Акрэсціна, дзе яна знаходзіцца дагэтуль.
Алена Красоўская-Каспяровіч паведаміла свайму адвакату, што стан здароўя ў яе здавальняючы, скаргаў на ўмовы ўтрымання няма.