BE RU EN

«Невыязныя» не змогуць атрымаць пашпарт за мяжой

  • 2.08.2012, 17:09

Грамадзяніну Беларусі, які ўжо знаходзіцца за яе межамі, адмовяць у выдачы пашпарта ў выпадку абмежавання яго права на выезд.

КДБ Беларусі фармалізаваў парадак абмежавання выезду грамадзян краіны, якія стаяць на прафілактычным уліку ў органах дзяржбяспекі.

У адпаведнасці з пастановай КДБ N32, якая апублікавана на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (НЦПІ), рашэнне аб часовым абмежаванні права грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку ў КДБ, на выезд з краіны, прымаюць начальнікі органаў дзяржаўнай бяспекі і іх намеснікі (асобы, якія выконваюць іх абавязкі).

Гэтыя ж асобы маюць права прыняць рашэнне аб зняцці часовага абмежавання права грамадзян на выезд з Беларусі і аб дазволе грамадзяніну, у адносiнах да якога прыняты адпаведныя абмежаванні, выезду з Беларусі на пэўны тэрмін, піша «Інтэрфакс».

Пастановай таксама зацверджаны формы адпаведных рашэнняў.

У дакуменце сказана, што аб прынятым рашэнні аб часовым абмежаванні права грамадзян на выезд з Беларусі, альбо аб зняцці такога абмежавання, грамадзяніну накіроўваецца паведамленне па зацверджанай форме.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка ў пачатку ліпеня сваім указам прадаставіў КДБ права ўносіць у банк дадзеных асоб, якім абмежаваны выезд за мяжу, грамадзян краіны, якія стаяць на прафілактычным уліку ў органах дзяржбяспекі.

Дадзены ўказ уносіць адпаведныя змены ў «Палажэнне аб банку дадзеных аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана», зацверджанае ўказам ад 17 снежня 2007 года.

Між тым, 27 ліпеня Лукашэнка прыняў указ N333, які, у прыватнасці, дазваляе адмовіць у выдачы пашпарта грамадзяніну Беларусі, які ўжо знаходзіцца за яе межамі, у выпадку абмежавання яго права на выезд. «Падставай для адмовы ў выдачы пашпарта грамадзяніну, які выехаў з Рэспублiкi Беларусь для часовага знаходжання і які знаходзіцца на консульскім уліку грамадзян, якія часова знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца прыняцце ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі рашэння аб часовым абмежаванні права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь у выпадках, устаноўленых заканадаўствам», - сказана ва ўказе.

Апошнія навіны