BE RU EN

У Чэхіі ўзгадваюць ахвяр савецкай акупацыі

  • 21.08.2012, 12:52

21 жніўня 1968 года войскі краін Варшаўскай дамовы ўварваліся ў Чэхаславакію для падаўлення «Пражскай вясны».

Памяць ахвяр акупацыі Чэхаславакіі войскамі краін Варшаўскай дамовы ўшануюць ў аўторак каля будынка Чэшскага радыё вядучыя чэшскія палітыкі. У гэтым годзе спаўняецца 44 гады з дня ўварвання, якое падавіла «Пражскую вясну». Яго ахвярамі сталі на працягу 1968 года 108 чэхаў, каля 500 чалавек атрымалі цяжкія раненні, нагадвае «Радыё Прага».

«Пражская вясна» многімі рысамі падобная на падзеі 1956 года ў Венгрыі. Падобны працэс праходзіў у Польшчы ў 1956 і 1968 гг. Паўсюдна нарастала незадаволенасць насельніцтва існуючымі рэжымамі, становішчам гэтых краін, якія па сутнасці з'яўляліся сатэлітамі СССР. Пад уплывам шэрагу ўнутраных і знешніх фактараў стала змяняцца грамадская атмасфера. Людзі сталі актыўна абмяркоўваць цяжкія наступствы сталінізму для сваёй краіны. У сродках масавай інфармацыі вылучаліся ідэі дэмакратызацыі грамадства, фарміравання раўнапраўных адносін з Савецкім Саюзам.

На пашыраным пасяджэнні Палітбюро ЦК КПСС 16 жніўня было прынята рашэнне аб уводзе войскаў краін Варшаўскай дамовы ў Чэхаславакію. Фармальнай падставай паслужыў ліст-зварот групы партыйных і дзяржаўных дзеячаў ЧССР да ўрадаў СССР і іншых краін Варшаўскай Дамовы з просьбай аб аказанні інтэрнацыянальнай дапамогі. Да 20 жніўня была гатова групоўка войскаў, першы эшалон якой налічваў да 250 тыс., а агульная колькасць - да 500 тыс. чал.

У ноч на 21 жніўня 1968 г. вайсковыя злучэнні СССР, а таксама войскі ГДР, Венгрыі, Польшчы і Балгарыі агульнай колькасцю 650 тыс. чалавек увайшлі на тэрыторыю Чэхаславакіі і занялі краіну. Напярэдадні Маршал Савецкага Саюза Грэчко праінфармаваў міністра абароны ЧССР Дзура аб падрыхтоўке акцыі і перасцярог ад аказання супраціву з боку чэхаславацкіх узброеных сіл. Злучэнні і часткі саюзных войскаў размяшчаліся ва ўсіх буйных гарадах, асаблівая ўвага надавалася ахове заходніх межаў ЧССР. Імклівы і ўзгоднены ўвод войскаў у ЧССР прывёў да таго, што на працягу 36 гадзін войскі краін Варшаўскай Дамовы ўстанавілі поўны кантроль над чэхаславацкай тэрыторыяй.

200-тысячнае чэхаславацкае войска не аказала ніякага супраціву, яно знаходзілася ў казармах і да канца падзей заставалася нейтральным. Супраць акупацыі пратэставалі звычайныя грамадзяне краіны.

21 жніўня група краін (ЗША, Англія, Францыя, Канада, Данія і Парагвай) выступіла ў Савеце Бяспекі ААН з патрабаваннем вынесці «чэхаславацкае пытанне» на пасяджэнне Генеральнай Асамблеі ААН, дамагаючыся рашэння аб неадкладным вывадзе войскаў краін Варшаўскай Дамовы. Прадстаўнікі Венгрыі і СССР прагаласавалі супраць. Пазней і прадстаўнік ЧССР запатрабаваў зняць гэтае пытанне з разгляду ААН. Сітуацыя ў Чэхаславакіі абмяркоўвалася таксама ў Пастаянным савеце НАТА. З асуджэннем ваеннага ўмяшання пяці дзяржаў выступілі ўрады Югаславіі, Албаніі, Румыніі і Кітая.

З ЧССР была падпісана дамова аб умовах часовага знаходжання савецкіх войскаў на тэрыторыі Чэхаславакіі. Была адноўленая цэнзура друку, расфармаваны антыкамуністычныя арганізацыі; да канца 1969 большасць ліберальных пачынанняў была ліквідавана - ЧССР засталася ў складзе савецкага блока яшчэ на 20 гадоў.

Апошнія навіны