Апошнія сябры дыктатара
- 21.08.2012, 15:09
Пасля катаванняў беларускага КДБ падазраваныя прызнаюцца ў чым заўгодна.
Беларусь з'яўляецца апошняй дыктатурай Еўропы, ёю кіруе «жалезнымі вусамі» Аляксандр Лукашэнка. Але ў яго ёсць пару сяброў на Захадзе - не ў апошнюю чаргу Рональд Ноўбл, генеральны сакратар Інтэрпола, піша брытанскі часопіс Private Eye (пераклад - charter97.org).
Калі ад выбуху бомбы ў менскім метро загінулі 15 чалавек у красавіку мінулага года, многія асцерагаліся, што гэта была спроба рэжыму ачарніць дэмакратычную апазіцыю.
Праз сорак восем гадзін пасля выбуху двое маладых людзей - Зміцер Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў - былі арыштаваныя антытэрарыстычным падраздзяленнем «Алмаз», а праз месяц кіраўнік Інтэрпола прыехаў у Менск і пахваліў «высокі прафесіяналізм» Міністэрства ўнутраных спраў, якое змагло расследаваць справу «настолькі хутка» . Ноўбл назваў Канавалава, меркаванага смяротніка, «тэрарыстам» за чатыры месяцы да суда. Абодва падазраваных былі асуджаныя і ў сакавіку гэтага года расстраляныя.
Афіцыйная версія была падвергнутая сумневу журналістам ВВС Джонам Суіні, які таемна прыбыў у Беларусь і сустрэўся з маці Уладзіслава Кавалёва. Любоў Кавалёва паведаміла яму, што маладыя людзі прызналіся ў падрыхтоўцы і здзяйсненні выбуху толькі пасля таго, як былі падвергнутыя катаванням у турме КДБ. Суіні распавёў аб яе прэтэнзіях да ходу следства ў рэпартажах, якія выйшлі на мінулым тыдні, а таксама ў электроннай кнізе.
Гэта выклікала лютасць Інтэрпола, які абвінаваціў Суіні ў «прадузятых спекуляцыях» і «ілжывых і падманных заявах». На сайце Інтэрпола апублікавалі дакументальны фільм аб выбуху ў Менску, які быў зняты Беларускім тэлебачаннем, каб паказаць «сілу доказаў, атрыманых у ходзе крымінальнага расследавання».
Пасля прагляду фільма ўзнікае больш пытанняў, чым адказаў, асабліва для кіраўніка Інтэрпола, які так горача падтрымлівае афіцыйную версію ўлад. Чаму няма доказаў наяўнасці ДНК падазраваных на бомбе? Чаму няма выразных здымкаў камер відэаназірання? Тое, што сапраўды відаць у фільме, - гэта арышт двух маладых людзей спецпадраздзяленнем «Алмаз». Яго члены ў дакладзе аб знікненні апанентаў Лукашэнкі, які быў падрыхтаваны Саветам Еўропы ў 2004 годзе, названы датычнымі да «эскадрону смерці». Калі б Ноўбл быў арыштаваны такімі людзьмі, то як высока бы ён ацаніў свае шанцы на справядлівае судовае разбіральніцтва?
Ці ведае ён аб гісторыі і метадах працы беларускага КДБ, работу якога так высока ацаніў? Адно з самых распаўсюджаных катаванняў у турме гэтай установы (вядомай, як «амерыканка» з-за будаўніцтва па праекце чыкагскай турмы 1920 гадоў) - гэта прымушэнне зняволеных стаяць распранутымі пры мінусовай тэмпературы.
Для свайго рэпартажу Суіні зняўся ў такім палажэнні ў адной з маразільных камер на поўначы Лондана. «Праз пяць хвілін знаходжання там я быў гатовы прызнацца ва ўсім», - кажа ён. Вязні «амерыканкі» вымушаныя былі знаходзіцца ў такім палажэнні на працягу 40 хвілін. Пасля гэтага, яны таксама, хутчэй за ўсё вымушаныя былі прызнацца ў тым, чаго не рабілі. Няўжо гэта і ёсць тым, што Інтэрпол называе «высокім прафесіяналізмам»?
P.S. Прапануем прыняць удзел у апытанні на нашым сайце: «Ці павінен генсек Інтэрпола сысці ў адстаўку за сувязі з дыктатарамі?»
Рэзультаты апытання з-за кешыравання абнаўляюцца кожныя 10 хвілін.