Як капітан абласнога ДАІ абрабаваў грузаперавозчыкаў
- 21.08.2012, 16:00
Даішнік заявіў, што дакументы на груз «не тыя» і забраў у кіроўцы амаль усе грошы.
У рэдакцыю charter97.org звярнуўся чытач, які працуе кур'ерам на грузавой машыне. Калі ён перавозіў з Менска ў Гомель бытавую тэхніку з неабходнымі дакументамі, яго спыніў супрацоўнік ДАІ. Даішнік сказаў, што дакументы нібыта няправільныя, і не проста запатрабаваў хабар, а забраў у кіроўцы грошы. Як пазней высветлілася, дакументы былі ў поўным парадку.
«Я працую ў адной з інтэрнэт-крам Менска кур'ерам з уласным грузавым аўтамабілем. У будні дастаўляю тавар па сталіцы, забіраючы яго ў пастаўшчыкоў, а па выходных ваджу на Гомельскі рэгіён, таму што сам з Гомеля. У гэтую суботу, 18 ліпеня, я, як звычайна, вёз бытавую тэхніку ў родны горад. Дакументы ў мяне былі на руках - чацвёрты экзэмляр («чацвёртая копія») накладной на тэхніку, прызначаны для перавозчыка тавару», - распавядае кур'ер.
«Дзесьці ў 10 раніцы на трасе ў Менскім раёне, у кіламетрах 15-20 ад пасёлка Сасновы, спыняе мяне даішнік, пенсійнага або перадпенсійнага ўзросту, у рангу капітана, з вусамі і чырвоным, як у алкаголікаў, нахабістым тварам. На сучаснай машыне «Опель Вектра». Пытаецца: «Што вязеш»? На што я адказаў зусім сумленна, не чакаючы нічога дрэннага - бытавую тэхніку вязу. «Дакументы ёсць?» Так, кажу. «Паказвай». Дастаю накладную. «А дзе першы экзэмпляр?» Ну я, маўляў, няма. «Ну ўсё, сынок, у цябе гадзіна часу, каб была першая копія накладной». І забраў мае дакументы. Я тэлефаную дырэктару, тлумачу сітуацыю. Ён да мяне адпраўляе з кур'ерам першы экзэмпляр накладной на тэхніку», - кажа кіроўца грузавога аўто.
«І тут пачалося самае цікавае. Пасля таго, як я сказаў супрацоўніку ДАІ, што накладныя выязджаюць, ён прыйшоў амаль у шаленства. «Я не збіраюся чакаць тваіх накладных! У вас 10 хвілін для вырашэння пытання! Інакш я асабіста знайду двух сведак, і ты падпішаш паперу, што едзеш без якіх-небудзь дакументаў наогул!» Я зноў тэлефаную дырэктару. Ён кажа, маўляў, праблемы нам не патрэбныя, калі будзе што прасіць - дай», - распавядае работнік інтэрнэт-крамы.
«Я падыходжу да капітана і кажу - дырэктар спадзяецца на вырашэнне праблемы на месцы. Даішнік пасадзіў мяне ў машыну да свайго калегі, таксама капітана, але маладога і тоўстага таварыша. Ён таксама паглядзеў дакументы, а праз пару хвілін капітан, які старэйшы, паклікаў мяне на вуліцу. Адвёў да маёй машыны. «Ну што»? Я паўтараю - дырэктар прасіў разабрацца на месцы. «Колькі?» Кажу - можа 500 тысяч? (Такую ўстаноўку даў дырэктар). А ў адказ зрывістым голасам даішнік залямантаваў «Кооооолькі?! Ды я тут зараз штрафаў на мільёнаў 50 намалюю!» Я растлумачыў, што ў мяне з сабой няшмат грошай. Даішнік кажа: «Пайшлі да цябе ў машыну». Я сеў на кіроўчае месца, а ён стаў каля адчыненай пасажырскай дзверы. Я дастаў сумку з грашыма і стаў пералічваць іх. Тут капітан пытаецца: «Колькі ў цябе там?» Я нават не паспеў адказаць, як ён запатрабаваў - «дай сюды!» І забраў грошы. Адлічыў пяць купюр па дзвесце тысяч, а «стольнік» грэбліва кінуў на пасажырскае сядзенне», - абураецца кур'ер.
«Скажу вам, быў я ў Расеі, бачыў усякае, але такога рэкету ў пагонах ніколі не бачыў. Я да гэтага часу ў шоку. Даішніка нават не хвалявала, што я па тэлефоне размаўляў на тэму хабару. Хутчэй за ўсё, начальнік падраздзялення нейкага, нікога на сваёй тэрыторыі не баіцца», - мяркуе супрацоўнік інтэрнэт-крамы.
«У выніку аказалася, што мяне проста «развялі», прычым наўмысна - перавозчыку належыць толькі 4-ы экзэмляр накладной. 1-ы прызначаны для атрымальніка тавару (яго можна адправіць і па пошце атрымальніку, кіроўца не абавязаны яго везці з сабой). 2-і асобнік - для фірмы. 3-і - для склада адпраўніка, а вось ужо 4-ы патрэбен для перавозчыка. На накладных напісаныя лічбы буйным шрыфтам, яны пацвярджаюць законнасць перавозкі тавару», - тлумачыць кіроўца.