Расея афіцыйна стала членам СГА
- 22.08.2012, 9:15
Расейская Федэрацыя ў сераду афіцыйна стала членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
Як паведамлялася, 23 ліпеня ўрад РФ апавясціў сакратарыят СГА аб завяршэнні Расеяй усіх унутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення ў СГА, уключаючы ратыфікацыю падпісанага ў Жэневе 16 снежня 2011 года пратаколу аб далучэнні РФ да Маракешскага пагаднення аб заснаванні СГА ад 15 красавіка 1994 года. У адпаведнасці з правіламі арганізацыі ўступленне РФ у СГА адбылося 22 жніўня, на трыццаты дзень пасля перадачы названага паведамлення.
Такім чынам, пратакол аб далучэнні РФ да СГА ў сераду ўступіў у сілу, і Расея стала 156-м членам СГА.
Праўда, у гандлі паміж РФ і ЗША пакуль не будуць дзейнічаць нормы і прынцыпы СГА - да адмены так званай папраўкі Джэксана-Вэніка, якую кангрэс ЗША так і не паспеў адмяніць. Папраўка Джэксана-Вэніка, названая так па імі кангрэсменаў, якія ўнеслі яе ў 1974 годзе, забараняла прадастаўляць рэжым найбольшага спрыяння ў гандлі краінам, якія абмяжоўваюць права грамадзян на эміграцыю. Папраўка ў закон аб гандлі ЗША была занесена спецыяльна супраць СССР, які перастаў існаваць у 1991 годзе. З нормамі СГА гэтая папраўка несумяшчальная.
У сераду ж уступае ў сілу пастанова ўрада РФ ад 21 ліпеня аб зацвярджэнні ставак экспартных пошлін, а 23 жніўня ўступіць у сілу новы Адзіны мытны тарыф Мытнага саюза (які прапісвае стаўкі імпартных пошлін).
Расея з 23 жніўня знізіць толькі так званыя «антыкрызісныя» пошліны, якія былі павышаны на некаторыя тавары з 2009 года. Напрыклад, гаворка ідзе аб паніжэнні імпартных пошлін на новыя легкавыя аўтамабілі з 30% да 25% з моманту далучэння да СГА (далей па ім прадугледжваецца паступовае зніжэнне на працягу сямі гадоў да 15%).
Паводле ацэнак Мінэканамразвіцця, па заканчэнні ўсіх пераходных перыядаў па зніжэнні да фінальнага ўзроўню імпартных пошлін каля паловы ўсіх ставак застанецца на ўзроўні не ніжэй цяперашняга дзеючага Адзінага мытнага тарыфу Мытнага саюза. Каля 30% ставак будуць зменшаны не больш чым на 5 працэнтных пунктаў.
Самая відавочная выгада ад далучэння да СГА датычыцца спажыўцоў - гэта магчымае зніжэнне вартасці жыцця за кошт памяншэння гандлёвых бар'ераў. У выніку могуць патаннець не толькі гатовыя імпартуемыя тавары і паслугі, але і айчынная прадукцыя, перш за ўсё тая, у вытворчасці якой выкарыстоўваюцца імпартныя кампаненты.
Патаннець, напрыклад, па ацэнцы Мінэканамразвіцця, могуць рыба, садавіна, гародніна, арэхі з трапічных краін, шакалад, кветкі, якасныя віна і моцныя напоі, лекі, тэкстыль, адзенне, абутак, будаўнічыя матэрыялы, ювелірныя вырабы, мэбля, электроніка і электратэхніка , медыцынскія прыборы і абсталяванне, касметыка, парфума, мыйныя сродкі, аўтамабілі.
Сярод вытворцаў першымі перавагі ад далучэння да СГА атрымаюць экспартаарыентаваныя прадпрыемствы, перш за ўсё ў металургіі, хімічнай прамысловасці, энергетыцы, за кошт зняцця бар'ераў для доступу расейскіх тавараў на рынкі членаў СГА, страты ад якіх, паводле ацэнак, складаюць больш за $2 млрд.