BE RU EN

Беларускім вытворцам пагражае банкруцтва

  • 22.08.2012, 12:41

З-за ўступлення Расеі ў СГА беларускім прадпрыемствам трэба будзе зніжаць выдаткі і звальняць частку работнікаў.

Эканаміст Леанід Заіка распавёў сайту charter97.org, чым для Беларусі пагражае ўступленне Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА).

«Першыя паўгода-год эфект ад уступлення Расе ў СГА для Беларусі будзе не вельмі прыкметным. Асноўныя змены пачнуцца праз 1,5-2 гады. Упадзе канкурэнтаздольнасць нашых аграрных, швейных і іншых прадпрыемстваў пад наплывам больш танных тавараў у Расею. Гэта можа прывесці да банкруцтва беларускіх вытворцаў», - упэўнены эканаміст.

«Беларускаму бізнесу трэба будзе адаптавацца. Цяпер у Беларусі ёсць шмат схаваных ніш, дзе мы можам атрымаць удары. З-за таго, што нашы тавары па кошту і якасці будуць саступаць імпартным», - лічыць Заіка.

«Канкурэнцыя на нашым рынку будзе расці, беларускія кошты будуць высокімі і на вытворчасці трэба будзе зніжаць выдаткі і звальняць частку работнікаў», - адзначыў эканаміст.

«Галоўная прычына, чаму дзяржавы ўступаюць у СГА, таму што гэта прыводзіць да зніжэння агульнага ўзроўню коштаў на многія тавары. Як следства, дабрабыт людзей павысіцца, але знізіцца ўзровень занятасці. А тым, хто працуе на нерэнтабельнай вытворчасці, прыйдзецца шукаць новую працу», - распавёў Леанід Заіка

Таксама беларускі эканаміст пракаментаваў заяву дыктатара пра тое, што «Беларусь адной нагой у СГА».

«Лукашэнка сказаў гэта, таму што ганяў аграрыяў. Мала таго, што ён іх асабіста «прэсуе», цяпер ён нагадаў, што з уступленнем Расеі ў СГА канкурэнцыя на рынках абвострыцца, на расейскім рынку з'явяцца небяспечныя канкурэнты з Новай Зеландыі. У Расеі ўжо цяпер працуюць аўстралійскія фірмы, якія вырабляюць каўбасу з кенгуру», - падкрэсліў Заіка.

«Мы думалі, што экспарт у Расею нашых яек будзе ісці добра, а там ужо цяпер цалкам забяспечваюць свой рынак яйкамі. Таксама набліжаюцца і да поўнага забеспячэння куранятамі-бройлерамі», - прывёў прыклад эксперт.

«Калі ў нас убачаць, што дзесятак яек патаннеў, значыць, Расея ўжо не закупляе нашу прадукцыю і вытворцам даводзіцца зніжаць кошты на ўнутраным рынку», - заўважыў Заіка.

«А ўступіць Беларусь у СГА ці не, я ў гэтым праблемы не бачу. Агульны рынак будзе працаваць па СГА», - дадаў эканаміст.

Нагадаем, Расейская Федэрацыя ў сераду, 22 жніўня, афіцыйна стала членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Такім чынам, Расея стала 156-м членам СГА.

Апошнія навіны