Эквадор можа адмовіцца выдаць беларускага міліцыянта
- 23.08.2012, 9:14
Пра гэта заявіў 22 жніўня прэзідэнт Эквадора Рафаэль Карэа.
Аднак да прэзідэнцкага рашэння сваё слова павінна сказаць вярхоўная судовая інстанцыя краіны - Нацыянальны суд Эквадора, паведамляе сайт «Эквадор сёння». Да судовага рашэння Карэа, па яго словах, не хоча выказваць сваё стаўленне да сітуацыі. Тым не менш, ён абверг звесткі аб тым, што экс-міліцыянта затрымалі, каб дагадзіць Аляксандру Лукашэнку, які наведаў Эквадор у чэрвені гэтага года, перадае rusecuador.ru.
Нагадаем, што афіцыйны Менск дамагаецца экстрадыцыі Аляксандра Баранкова, які атрымаў у Эквадоры статус бежанца. Былы капітан міліцыі кажа, што яго пераследуюць па палітычных матывах. Яго адвакат Фернанда Лара заяўляе, што ў Беларусі Баранкова могуць асудзіць на смерць, абвінаваціўшы ў здрадзе радзіме.
У той жа час беларускія праваахоўныя ведамствы сцвярджаюць, што падазраюць Баранкова ў карупцыі, вымаганнях і шантажы.
Наконт выпадку Баранкова выказаўся і віцэ-канцлер Марка Альбуха. Ён нагадаў, што асноўным праваабарончым прынцыпам у Эквадоры з'яўляецца адмова ў экстрадыцыі грамадзяніна, калі знаходзіцца пад пагрозай яго жыццё з прычыны магчымай смяротнай кары або пажыццёвага зняволення. Гэта асноўны аргумент, які прыме пад увагу прэзідэнт, запэўніў Альбуха.