Смалявіцкага «вертыкальшчыка» прысудзілі да 4,5 гадоў турмы
- 23.08.2012, 10:59
Пракуратурай Менскай вобласці падтрымана дзяржаўнае абвінавачванне ў дачыненні да былога намесніка старшыні Смалявіцкага раённага выканаўчага камітэта.
Яго абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і службовай халатнасці.
Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры, згодна з прад'яўленым абвінавачваннем, чыноўнік, з'яўляючыся старшынёй камісіі па жыллёвых пытаннях, незаконна напісаў заяву ад імя свайго сына з просьбай аб выдзяленні зямельнага ўчастка і ўзгадніў праект рашэння аб выдзяленні сыну ўчастка як асобе, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, хоць той такім фактычна не з'яўляўся, піша БелаПАН.
Рашэннем Смалявіцкага райвыканкама, якое ўзгоднена абвінавачаным як службовай асобай райвыканкама, яго сыну бясплатна быў прадастаўлены ў Смалявічах у пажыццёвае спадчыннае валоданне зямельны ўчастак для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома плошчай 0,1500 га і кадастравым коштам больш за 31 мільён рублёў, чым дзяржаве нанесены ўрон у буйным памеры.
Прысудам Менскага абласнога суда абвінавачаны прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 424, арт. 428 КК. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады 6 месяцаў з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых, адміністрацыйна-гаспадарчых функцый, функцый прадстаўніка ўлады, тэрмінам на 5 гадоў. Зямельны ўчастак канфіскаваны па прысудзе суда.
Прысуд уступіў у законную сілу.