«Газпром» прапаноўвае Беларусі выпускаць машыны на газе
- 23.08.2012, 13:29
Расейскае ААТ «Газпром» зацікаўлена ў стварэнні ў Беларусі магутнасцяў па вытворчасці аўтамабільнай тэхнікі на прыродным газе.
«Газаматорнае паліва - гэта важны момант для спажыўцоў, таму што яно каштуе, і заўсёды будзе каштаваць танней традыцыйнага паліва. Гэта іншы эканамічны стандарт і сур'ёзны імпульс для развіцця прамысловай вытворчасці», - заявіў старшыня праўлення ААТ «Газпром» Аляксей Мілер на нарадзе з кіраўніцтвам ААТ «Белтрансгаз» у чацвер у Кобрыне, перадае «Інтэрфакс».
«Будзем прапрацоўваць гэтыя пытанні з беларускімі органамі дзяржкіравання», - сказаў Мілер.
Ён дадаў, што «Газпром» лічыць магчымым «стварэнне тут магутнасцяў па вытворчасці аўтамабільнай тэхнікі на прыродным газе і развіццё сеткі газанапаўняльных кампрэсарных станцый».
Як адзначаецца ў матэрыялах прэс-службы «Газпрома", у цяперашні час у Беларусі парк аўтамабіляў на прыродным газе налічвае каля 5 тыс. адзінак. У вядзенні «Белтрансгаза» знаходзіцца 26 стацыянарных АГНКС магутнасцю 9 тыс. заправак у суткі, або 165 млн куб. м. газу ў год. У 2011 годзе праз сетку АГНКС было рэалізавана 16,6 млн куб. м кампрымаванага прыроднага газу, пры гэтым сярэдняя загрузка сеткі АГНКС склала 13,1%.
Для параўнання, у Расеі налічваецца 86 тыс. аўтамабіляў, якія працуюць на прыродным газе. У Расеі дзейнічаюць 243 АГНКС, з якіх 208 станцый знаходзяцца ва ўласнасці «Газпрома». У 2011 годзе праз расейскую сетку АГНКС было рэалізавана 361,6 млн куб. м зжатага прыроднага газу, пры гэтым загрузка станцый склала толькі 18%.
Таксама "Газпром" плануе павялічыць аб'ём транзіту газу праз Беларусь.
"Сёння мы абмяркуем пытанні, звязаныя з магчымасцю павелічэння аб'ёму транзіту газу праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, мы будзем адштурхоўвацца ад магчымасцяў павелічэння аб'ёму транзіту", - сказаў Мілер.