BE RU EN

Bild працягвае выкрываць лабістаў Лукашэнкі

  • 27.08.2012, 10:50

Нямецкае выданне працягвае серыю скандальных публікацый адносна супрацоўніцтва нямецкіх і беларускіх сілавікоў.

Паводле інфармацыі газеты, паліцыя Германіі не толькі дапамагала беларускаму рэжыму ў падрыхтоўцы тых, хто разганяў мірныя акцыі ў Менску, але і ўзбройвала сілавікоў, перадае «Радыё Свабода».

У размове з Bild прадстаўнікі МУС Германіі пацвердзілі, што толькі ў перыяд з 2009 па 2010 гады нямецкая дапамога беларускім сілавым структурам з мэтай абсталявання сучаснымі кампутарамі і відэатэхнікай склала каля 41200 еўра, а ў перыяд паміж 2008 і 2011 мінімум сотня беларускіх міліцыянтаў была забяспечана камплектам бронекамізэлек , шчытоў, дубінак і г.д.

Раней Bild і іншыя нямецкія СМІ пісалі, што сілавыя ведамствы ФРГ займаліся падрыхтоўкай беларускіх кадраў у перыяд паміж 2008 і 2011 гадамі (паводле ўдакладненай інфармацыі Bild am Sonntag, супрацоўніцтва паміж МУС абедзвюх краін працягвалася па крайняй меры да траўня 2012). У прыватнасці, паведамлялася, што трэнінгі на тэрыторыі Германіі праходзілі каля ста супрацоўнікаў дзяржаўных структур Беларусі.

Беларусы прысутнічалі ў якасці назіральнікаў на разгоне нямецкіх антыядзерных дэманстрацый, дзе тамашнія паліцыянты ўжывалі дубінкі, вадамёты і слёзатачывы газ. Нямецкія паліцыянты таксама правялі падрыхтоўку 400 беларускіх памежнікаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва міліцыі і крыміналістаў на тэрыторыі Беларусі.

Як паведамляў Bild, адказныя прадстаўнікі федэральнай паліцыі і федэральнага ведамства па крымінальных справах пацвердзілі ў размове з газетай, што навучанне беларускіх сілавікоў было санкцыянавана ўрадам канцлера Ангелы Меркель.

МЗС Германіі быў праінфармаваны аб гэтым супрацоўніцтве яшчэ ў красавіку 2008 і ўхваліў яго. Пра гэта сведчыць электронная перапіска паміж федэральным МЗС і нямецкай амбасадай у Беларусі, якую цытуе Bild.

Так адказны чыноўнік з МЗС заявіў у Менск тагачаснаму амбасадару, што супраць гэтага «няма якіх-небудзь істотных пярэчанняў», аднак, тым не менш, парэкамендаваў не занадта агучваць гэтую інфармацыю, каб яна не стала здабыткам СМІ.

Як паведамляў сайт charter97.org, у ліпені 2012 года быў адпраўлены ў адстаўку шэф нямецкай паліцыі Матыяс Зеегер. Сярод іншага яму ставіліся ў віну кантакты з беларускім урадам.

24 жніўня гэтага года прэс-сакратар урада ФРГ Штэфен Зайберт заявіў, што доўгатэрміновае супрацоўніцтва з Беларуссю мела тады «дапушчальныя падставы». Паводле яго слоў, у сваіх дзеяннях нямецкая паліцыя, «наколькі гэта магчыма», заўсёды імкнецца да зняцця напружанасці і негвалтоўных метадаў.

Апошнія навіны