ЕЗ аб нямецкай дапамозе МУС Беларусі: «Няма чаго сказаць...»
- 27.08.2012, 18:35
Прадстаўнікі структур Еўразвяза не ведаюць, як каментаваць паведамленні аб дапамозе МУС Германіі супрацоўнікам МУС Беларусі.
Марцін Граеўскі, прэс-сакратар старшыні Еўрапейскага парламента Марціна Шульца, заявіў сёння ў Брусэлі:
«Гэта вельмі дзіўная навіна. Трэба патлумачыць, варта ўдакладніць. Нам неабходна ўстанавіць факты, і тых, хто адказвае за гэта, і што на самой справе адбылося».
Майкл Ман, прадстаўнік вярхоўнага камісара па знешняй палітыцы ЕЗ Кэтрын Эштан, сказаў «Радыё Свабода»:
«Мы не можам пацвердзіць гэта, і гэта, відавочна, пытанне двухбаковых адносінаў, так што мы на самой справе не ведаем, што сказаць. Наогул, тое, што я магу сказаць - вядома, мы па-ранейшаму вельмі занепакоеныя сітуацыяй у Беларусі. У нас, як вы ведаеце, санкцыі супраць рэжыму і прыхільнікаў рэжыму, і мы працягваем укладваць грошы ў падтрымку НДА і грамадзянскай супольнасці, каб паспрабаваць дапамагчы прынесці дэмакратыю ў краіну».
Як паведамляў сайт charter97.org, паліцыя Германіі не толькі дапамагала беларускаму рэжыму ў падрыхтоўцы тых, хто разганяў мірныя акцыі ў Менску, але і ўзбройвала сілавікоў.
У размове з Bild прадстаўнікі МУС Германіі пацвердзілі, што толькі ў перыяд з 2009 па 2010 гады нямецкая дапамога беларускім сілавым структурам з мэтай абсталявання сучаснымі кампутарамі і відэатэхнікай склала каля 41200 еўра, а ў перыяд паміж 2008 і 2011 мінімум сотня беларускіх міліцыянтаў была забяспечана камплектам бронекамізэлек , шчытоў, дубінак і г.д.
Раней Bild і іншыя нямецкія СМІ пісалі, што сілавыя ведамствы ФРГ займаліся падрыхтоўкай беларускіх кадраў у перыяд паміж 2008 і 2011 гадамі (паводле ўдакладненай інфармацыі Bild am Sonntag, супрацоўніцтва паміж МУС абедзвюх краін працягвалася па крайняй меры да траўня 2012). У прыватнасці, паведамлялася, што трэнінгі на тэрыторыі Германіі праходзілі каля ста супрацоўнікаў дзяржаўных структур Беларусі.
Беларусы прысутнічалі ў якасці назіральнікаў на разгоне нямецкіх антыядзерных дэманстрацый, дзе тамашнія паліцыянты ўжывалі дубінкі, вадамёты і слёзатачывы газ. Нямецкія паліцыянты таксама правялі падрыхтоўку 400 беларускіх памежнікаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва міліцыі і крыміналістаў на тэрыторыі Беларусі.