BE RU EN

Эквадор адмовіўся выдаваць Беларусі ўцёклага міліцыянта

  • 29.08.2012, 8:58

Эквадорскі суд адказаў адмовай на запыт аб экстрадыцыі Аляксандра Баранкова.

Суд таксама пакінуў у сіле рашэнне даць Баранкову ў Эквадоры статус бежанца, паведамляе ВВС.

Аляксандр Баранкоў сцвярджае, што ён выкрыў карупцыю ў вышэйшых эшалонах беларускай улады, з-за чаго быў вымушаны бегчы з краіны.

На радзіме яго абвінавачваюць у махлярстве і вымагальніцтве. Па дадзеных следства ў Менску, капітан Баранкоў разам з калегам, карыстаючыся сваім становішчам, падшуквалі багатых прадпрымальнікаў, збіралі на іх кампрамат, а затым патрабавалі грошай, каб «закрыць» парушэнні.

У КДБ Беларусі, распачалі справу супраць былога міліцыянта, кажуць, што гісторыя выключна крымінальная, а другі фігурант справы - таксама былы супрацоўнік органаў - ужо асуджаны.

Раней з'явілася інфармацыя аб арышце Баранкова і яго магчымай экстрадыцыі ў Беларусь.

Былы беларускі міліцыянт, а затым супрацоўнік памежслужбы капітан Аляксандр Баранкоў пакінуў Беларусь яшчэ ў 2009 годзе, перабраўшыся ў Эквадор, дзе ў 2010 годзе атрымаў прытулак.

У Эквадоры Баранкоў пачаў весці блог на іспанскай мове - Belaruslibre. Апошні пост быў апублікаваны ў студзені гэтага года.

Беларусь накіравала запыт аб экстрадыцыі Баранкова яшчэ ў 2011 годзе, аднак тады ён быў адхілены судом па працэдурных меркаваннях.

Апошнія навіны