BE RU EN

Літва аднавіла падлік шкоды ад нацызму і камунізму

  • 29.08.2012, 17:22

Прэзідэнт Літвы афіцыйна аднавіла дзейнасць міжнароднай камісіі, якая заклікана ацаніць наступствы злачынстваў нацысцкага і савецкага акупацыйных рэжымаў у рэспубліцы.

Як паведамляе DELFI, дэкрэт аб узнаўленні камісіі, праца якой была спынена ў 2007 годзе, кіраўнік дзяржавы падпісала 28 жніўня. Згодна з гэтым дакументам, да ацэнкі злачынстваў будуць прыцягнуты 20 літоўскіх і замежных гісторыкаў. Дзесяць з іх, у тым ліку два прадстаўнікі арганізацыі памяці ахвяраў Халакосту і герояў Yad Vashem у Ізраілі і адзін член Камітэта яўрэяў Амерыкі, будуць даследаваць злачынствы нацысцкага рэжыму. У падкамісію, якая будзе займацца перыядам савецкай «акупацыі», увойдуць прадстаўнікі міжнароднай грамадскай арганізацыі «Мемарыял», а таксама Йельскага, Стэнфардскага, Віленскага універсітэтаў і Сарбоны.

Працай гісторыкаў, як і раней, будзе кіраваць старшыня парламенцкага камітэта па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс.

Паралельна з міжнароднай камісіяй па ацэнцы злачынстваў таталітарных рэжымаў, у рэспубліцы дзейнічае ўрадавая камісія па пытанні кампенсацыі шкоды ад савецкай акупацыі. Яна, у прыватнасці, закліканая падрыхтаваць глебу «для перамоў з Расейскай Федэрацыяй аб кампенсацыі шкоды Літве» (дакладная сума гэтай шкоды ў цяперашні час не вызначана). Расея падобныя прэтэнзіі неаднаразова адпрэчвала.

Апошнія навіны