Незарэгістраванаму кандыдату пагражаюць падкінуць наркотыкі
- 29.08.2012, 17:31
Пасля адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам прадпрымальніку Аляксандру Солапу перадалі інфармацыю аб аперацыі з удзелам праваахоўных органаў, якая рыхтуецца супраць яго.
Нагадаем, 29 жніўня ЦВК не задаволіў скаргу незарэгістраванага кандыдатам у дэпутаты па Слуцкай выбарчай акрузе № 67 Аляксандра Солапа. Юрыдычных падстаў для адмовы ў рэгістрацыі не было. Цэнтрвыбаркам прыняў гэта рашэнне «па маральна-этычных меркаваннях», піша ПЦ "Вясна".
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў у прысутнасці журналістаў, што ён кожны дзень атрымлівае лісты з просьбамі «не рэгістраваць Солапа, таму што ён злачынец».
Прапанову Лазавіка пакінуць рашэнне акруговай камісіі ў сіле падтрымалі дзевяць чалавек. «Супраць» прагаласавала адна Лідзія Ярмошына.
Рашэнне ЦВК Аляксандр Солап мае намер аспрэчыць у Вярхоўным Судзе.
Праз некалькі гадзін пасля пасяджэння ЦВК да Аляксандра Солапа і яго жонкі ў скверы каля будынка КДБ у Менску падышоў невядомы. Мужчына назваўся добразычліўцам і сказаў, што валодае інфармацыяй аб аперацыі з удзелам праваахоўных органаў, якая рыхтуецца супраць Аляксандра. Па словах незнаёмца, Аляксандра Солапа збіраюцца затрымаць ў аўтамабілі і пры ператрусе знойдуць наркотыкі ці зброю.
«Не ведаю, што мне рабіць, - здзіўляецца Аляксандр Солап. - Мяне ў падполле вымушаюць сыходзіць?».