BE RU EN

А Мілінкевіч усё роўна супраць

  • 29.08.2012, 17:46

Палітык падтрымлівае палітвязня Зміцера Дашкевіча, але выступае супраць эканамічных санкцый у дачыненні да дыктатарскага рэжыму.

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч пракаментаваў сайту charter97.org прысуд палітвязню Зміцеру Дашкевічу да яшчэ аднаго году зняволення.

«Зміцер - моладзевы лідэр вельмі моцнай волі, чалавек, якога немагчыма зламаць. І ўлада спрабуе яго зламаць дадатковым тэрмінам зняволення. Я салідарны з Дашкевічам у яго барацьбе за праўду, каб Беларусь была свабоднай і сапраўды беларускай», - сказаў палітык.

Адказваючы на пытанне, ці трэба ўводзіць эканамічныя санкцыі ў дачыненні да дыктатуры, калі палітвязняў не проста адмаўляюцца вызваляць, але ім дадаюць новыя тэрміны, Аляксандр Мілінкевіч адказаў, што ён супраць санкцый.

«Мая пазіцыя па санкцыях даўно вядомая. Яны не вызваляюць палітвязняў, а толькі ізалююць Беларусь і б'юць па незалежнасці краіны. Таму я супраць шырокіх эканамічных санкцый і эмбарга. Я падтрымліваю толькі кропкавыя санкцыі», - адзначыў былы кандыдат у прэзідэнты.

Нагадаем, 28 жніўня ў Глыбоцкай калоніі судзілі лідэра «Маладога Фронту» Зміцера Дашкевіча па абвінавачванні ў «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі». Палітвязня прысудзілі да яшчэ аднаго году калоніі.

Зміцера Дашкевіча разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым затрымалі ў Менску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года. Супраць іх учынілі правакацыю, пасля чаго маладафронтаўцаў абвінавацілі ў збіцці двух чалавек.

24 сакавіка 2011 года суд прысудзіў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ён павінен быў выйсці на волі 18 снежня 2012 года. Цяпер яго тэрмін падоўжылі да 28 жніўня 2013 года.

Апошнія навіны