Віцебскага актывіста затрымалі за ўлёткі «Не будзь скотам»
- 30.08.2012, 15:32
Пётр Сарапеня распаўсюджваў на Полацкім рынку ўлёткі «Не будзь скотам» з заклікам байкатаваць «выбары».
100 улётак у актывіста забралі міліцыянты ў Чыгуначным РАУС, перадае «Радыё Свабода».
Паводле слоў Пятра Сарапені, яго затрымалі амапаўцы, забраўшы ўлёткі ў кагосьці з мінакоў:
«Я, вядома, улётак ім не даваў. Аднак я не адмаўляю, што раздаваў іх. Мяне адвезлі ў Чыгуначны РАУС, там ужо пачалі складаць пратакол. Але прыйшоў нехта з начальства, і ў мяне проста ўзялі тлумачэнні. Міліцыянты запісалі, быццам я раздаваў улёткі, «дзе адлюстоўвалася апазіцыйнае беларускай улазе меркаванне». Але я дапісаў сваёй рукой, што гэта ўлёткі «супраць антыбеларускай улады», так як у Беларусі не паважаецца родная мова і забараняецца агітацыя за байкот «выбараў», якія КХП БНФ лічыць фарсам».
Міліцыянты забралі ў Пятра Сарапені ўсе ўлёткі, іх апынулася роўна 100. Абяцалі аддаць праз тыдзень. На думку актывіста, супрацоўнікі міліцыі будуць высвятляць, дзе такія ўлёткі друкуюць і хто аддаў загад іх распаўсюджваць.