BE RU EN

Спісы выбаршчыкаў таксама лёгка сфальсіфікаваць

  • 6.08.2012, 17:40

Змена працэдуры выдачы бюлетэняў выбаршчыкаў можа стварыць умовы для незаконных маніпуляцый.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы кампаніі па назіранні «Праваабаронцы за свабодныя выбары», паведамляе БелаПАН.

Як адзначае кампанія, пастанова Цэнтрвыбаркама аб дакументах, на падставе якіх выдаецца бюлетэнь для галасавання пры правядзенні выбараў дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў», прынятая 27 ліпеня, істотна пашырыла пералік дакументаў, па якіх выбаршчык зможа атрымаць бюлетэнь і прыняць удзел у «выбарах». Устаноўлена, што выбаршчык можа атрымаць бюлетэнь для галасавання, калі прад'явіць ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы); службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага; вадзіцельскае пасведчанне; пенсійнае пасведчанне і студэнцкі білет (пры наяўнасці на іх фатаграфіі); даведку органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт).

«Сёння складанне спісаў выбаршчыкаў ажыццяўляецца органамі выканаўчай улады непразрыста і закрыта ад назіральнікаў, кожны выбаршчык мае магчымасць азнаёміцца са сваім прозвішчам у спісе, але не мае доступу да спісу цалкам. У такіх умовах выдача бюлетэняў па прад'яўленні дакументаў, у якіх не пазначана месца жыхарства і грамадзянства, можа стварыць умовы для незаконных маніпуляцый», - гаворыцца ў справаздачы.

За апошні тыдзень назіральнікі ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зафіксавалі шматлікія факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты.

Так, калектыў Баранавіцкага станкабудаўнічага завода вылучыў кандыдатам па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 дэпутата гарсавета Вольгу Палітык. Праз некалькі дзён яна ж была вылучана яшчэ і калектывам Баранавіцкага аўтаагрэгатнага завода. Ідэолагі згаданых прадпрыемстваў пачалі праводзіць збор подпісаў за яе ў працоўны час.

У вайсковых частках Брэста кантрактнікаў прымушалі падпісвацца за вылучэнне ваеннага камісара Брэсцкага абласнога ваеннага камісарыята Уладзіміра Базанава.

Кіраўніцтвам прадпрыемства «Слуцкмежрайгаз» было арганізавана вылучэнне дзеючага дэпутата «палаты прадстаўнікоў» Інэсы Кляшчук. Супрацоўнікі ставілі свае подпісы пад кантролем адміністрацыі ў аддзеле кадраў у загадзя падрыхтаваных падпісных лістах з запоўненымі пашпартнымі дадзенымі, паведамляюць праваабаронцы.

Таксама праваабаронцы фіксуюць факты ціску на назіральнікаў.

Апошнія навіны