Расейскі алігарх Лебедзеў прадае ўсё
- 6.08.2012, 17:47
Магнат Аляксандр Лебедзеў баіцца паўтарыць лёс нефармальнага лідэра расейскай апазіцыі блогера Аляксея Навальнага, якому пагражае 10 гадоў турмы за растрату.
Аб гэтым піша Ганна Зафесава ў газеце La Stampa.
«Мяне перамаглі», - Аляксандр Лебедзеў, магнат, які адчуваў сябе дастаткова моцным і багатым, каб кінуць выклік Крамлю, прызнае паражэнне і аб'яўляе аб продажы ўсёй маёмасці ў Расеі. «У мяне няма іншага выбару. Супраць мяне вядзецца кампанія. Я не кажу, што гэта Крэмль, я маю на ўвазе афіцэраў спецслужбаў, якія кажуць, што атрымалі загад у дачыненні да мяне», - заяўляе Лебедзеў.
«Лебедзеў дэманстраваў вялікую цікавасць да палітыкі і станавіўся ўсё больш крытычным у дачыненні да рэжыму, - піша Зафесава. - Хутчэй за ўсё, чашу цярпення перапоўніла яго відавочная падтрымка блогера Аляксея Навальнага - нефармальнага лідэра расейскай апазіцыі. Алігарх фінансаваў праекты Навальнага, вылучаў яго кандыдатуру ў савет дырэктараў «Аэрафлота» і нават меў намер выдаць спецыяльную крэдытную карту, працэнты ад якой актывіст мог выкарыстаць для правядзення сваіх антыкарупцыйных расследаванняў».
52-гадовы мільярдэр, які прывык да гламурнага жыцця ў Лондане, стаў ахвярай цэлага шэрагу расследаванняў, абвінавачванняў, ператрусаў і пагроз і цяпер вырашыў прадаць усё. Аднак Лебедзеў спадзяецца выратаваць ад нападаў свае брытанскія СМІ і «Новую газету», якой ён валодае разам з Міхаілам Гарбачовым, гаворыцца ў артыкуле. Лебедзеў не мае ілюзій: «Мы на парозе палітычных рэпрэсій. Хацелася б думаць, што я памыляюся», - цытуе яго Ганна Зафесава.