Расея зноў ажыццявіла запуск касмічнага смецця
- 7.08.2012, 9:30
Расейскую касмічную галіну спасцігла чарговая няўдача.
Ракета-носьбіт «Пратон-М» не змагла вывесці на арбіту спадарожнікі сувязі «Экспрэс-МД2» і «Тэлкам-3», якія цяпер знаходзяцца на неразліковай арбіце і іх практычная каштоўнасць роўная нулю. Аварыйная сітуацыя паўстала з-за непаладак у разгонным блоку «Брыз-М», паведамілі ў Раскосмасе.
«Падчас вывядзення галаўны блок не быў выяўлены на пераходнай арбіце. Паводле папярэдняй інфармацыі ўключэнне маршавай рухальнай устаноўкі разгоннага блока адбылося ў разліковы час. Выключэнне ДК адбылося праз 7 секунд замест разліковых 18 хвілін 5 секунд», - гаворыцца ў паведамленні ведамства. Па словах крыніцы ў ракетна-касмічнай прамысловасці, два ўключэння разгоннага блока «Брыз-М», вытворчасці Цэнтра імя Хрунічава прайшлі штатна, а трэцяе так і не адбылося. «З-за няштатнай працы разгоннага блока спадарожнікі можна лічыць згубленымі», - дадала крыніца, чые словы цытуе РІА «Новости».
Нагадаем, у ноч на 7 жніўня 2012 г. з касмадрома Байканур стартавала ракета «Пратон-М» з двума касмічнымі апаратамі - расейскім «Экспрэс-МД2» і інданэзійскім Telkom-3. Гэта быў сёмы ў 2012 г. касмічны запуск з выкарыстаннем ракеты-носьбіта «Пратон» і 379-й палёт у яе лётнай гісторыі.
«Экспрэс-МД2» створаны ГКНПЦ імя М.В.Хрунічава сумесна з італьянскім падраздзяленнем Thales Alenia Space па замове дзяржаўнага прадпрыемства «Касмічная сувязь». Касмічны апарат прызначаны для ажыццяўлення бесперапыннай кругласуткавай рэтрансляцыі патокаў інфармацыі рознага напрамку ў сістэме спадарожнікавай сувязі і вяшчання РФ.
Касмічны апарат Telkom-3 выраблены ААТ «Інфармацыйныя спадарожнікавыя сістэмы ім. М.Ф. Рэшэтнева» па замове аператара спадарожнікавай сувязі Telkom, які базуеца ў Джакарце (Інданезія). Спадарожнік прызначаны для прадастаўлення паслуг сувязі, вяшчання і перадачы дадзеных у зонах Інданезіі і Індакітая.
Крыніца агенцтва паведаміла, што запускі ракет тыпу «Пратон-М» з разгонным блокам «Брыз-М» будуць прыпыненыя да высвятлення прычын няштатнай сітуацыі, якая адбылася мінулай ноччу, намечаныя наступныя пускі «Пратонаў» адкладзены на больш позні час. Ён адзначыў, што ў працы аварыйнай камісіі прымуць удзел як эксперты Раскосмаса, так і прадстаўнікі цэнтра імя Хрунічава.
У сваю чаргу, крыніца ў ракетна-касмічнай галіне паведаміла, што Раскосмас можа змяніць кіраўніцтва Касмічнага цэнтра імя Хрунічава ў сувязі з аварыяй са спадарожнікамі сувязі.
«У сувязі з аварыяй з боку Раскосмаса могуць рушыць услед жорсткія меры, аж да звальнення кіраўніка Касмічнага цэнтра ім. Хрунічава Уладзіміра Несцерава», - адзначыў суразмоўца агенцтва.
Нагадаем, што ў 2011 годзе ў выніку няўдалых пускаў Расея страціла найноўшы спадарожнік «Экспрэс-АМ4», геадэзічны ваенны спадарожнік «Геа-ІК-2», грузавы карабель «Прагрэс», апарат «Фобас-Грунт» і спадарожнік двайнога прызначэння «Мерыдыян» .
У снежні 2010 года Расея страціла тры спадарожніка, якія павінны былі стаць завяршальнай часткай айчыннай навігацыйнай сістэмы ГЛАНАС. Касмічныя апараты не выйшлі на арбіту з-за таго, што ракета-носьбіт «Пратон-М» са спадарожнікамі адхілілася ад зададзенай траекторыі і павалілася ў Ціхі акіян.