BE RU EN

Менчукі з'елі больш за 3,5 тоны сапсаванага мяса з Пухавіцкага раёна

  • 7.08.2012, 10:49

Больш за 3,5 тон мясной прадукцыі з сапсаванага мяса паставіў у гандлёвую сетку Менска ў 2012 годзе прадпрымальнік з Пухавіцкага раёна.

Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у галоўным упраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі МУС Беларусі.

«Камерцыйнае прадпрыемства (Пухавіцкі раён) у 2012 годзе паставіла на менскія прылаўкі пратэрмінаванага мяса на Br100 млн», - паведамілі ў ГУБЭЗ МУС. «Калі тавар не паспявалі паставіць у належны тэрмін, кіраўнік дадзенага прадпрыемства даваў указанне падначаленым перабіць дату вырабу, пасля чаго сальцісон, зельц, ліверную каўбасу і рулеты з усімі неабходнымі дакументамі развозілі па гандлёвых кропках Менска», - паведамілі ў МУС.

«Вядома, што пратэрмінаваны тавар пастаўляўся ў ГЦ «Уручча», універсам «Завадскі», Белінтерпрадукт і іншыя гандлёвыя кропкі. Зразумела, пра тое, што да рэалізацыі прымалася так званая некандыцыя, суб'екты гаспадарання нічога не ведалі», - адзначылі суразмоўцы агенцтва. «Не ведалі пра гэта і менчукі, якія купілі больш за 3,5 тоны такой прадукцыі», - падкрэслілі ў ГУБЭЗ.

Там праінфармавалі, што аператыўнікі службы БЭЗ Пухавіцкага раёна ўстанавілі, што такая перамаркіроўка ажыццяўлялася са студзеня па красавік 2012 года. «Загадзя ілжывыя звесткі аб тэрмінах вырабу мясной прадукцыі значыліся на этыкетках, а таксама ў пасведчанні якасці і бяспекі», - падкрэслілі ў МУС.

«У цяперашні час у дачыненні да камерцыйнага дырэктара прадпрыемства аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Пухавіцкага РАУС распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 250 КК (распаўсюд заведама ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах). Калі яго віна будзе даказаная, дадзенаму кіраўніку можа пагражаць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў», - паведамілі ў ГУБЭЗ.

Апошнія навіны