BE RU EN

Памежнікі: Манекены патрэбныя, каб заблытаць парушальніка

  • 7.08.2012, 16:53

Беларускія памежнікі не абвяргаюць факт выкарыстання муляжоў для аховы дзярмяжы і аргументуюць гэта тым, што муляжы ўсталёўваюцца, каб заблытаць парушальніка.

Нагадаем, на днях у сацыяльных сетках была апублікавана фатаграфія дзяржмяжы, дзе на назіральнай вежы замест памежніка ўсталяваны манекен.

Аўтар фота, грамадзянка Польшчы Ганна Межынская, распавяла «Еўрарадыё» гісторыю здымка:

«Гэта з беларускага боку вельмі блізка да мяжы, каля паласы ўзаранай зямлі паблізу мяжы. Відаць, канешне, таму што гэта вежа! Ён на вежы стаціь і з вялікай адлегласці з польскага боку відаць, што гэта - муляж. Гэта ў месцы, дзе не жывуць людзі, каля ракі Буг. Там толькі палі і лясы».

Дзяўчына адпачывала ў тым раёне, кажа, што заўважыла муляж выпадкова і вырашыла зрабіць здымак: «Бачыла толькі гэтую вежу. Я не займалася тым, каб правяраць польска-беларускую мяжу. Проста там знаходзілася і ўбачыла такую карціну. Ці ёсць яшчэ такое, не маю паняцця».

Памежнікі пацвярджаюць, што сапраўды выкарыстоўваюць на мяжы такі метад, як ДАІ, калі ставіць «кардонных даішнікаў». Такім чынам, гэтым яны нібыта ўводзяць у зман парушальнікаў мяжы.

«Ёсць пытанні маскіроўкі аховы мяжы, каб увесці ў зман асоб, якія спрабуюць парушыць мяжу. Манекены прымяняюцца на асобных участках. Такія муляжы ёсць ва ўсіх структурах, не толькі ў нашай», - тлумачаць у Брэсцкай пагрангрупе.

І намякаюць, што побач з муляжом заўсёды можа апынуцца сапраўдны памежнік, нарвацца на якога ўжо небяспечна. Калі і дзе будзе знаходзіцца муляж, а дзе сапраўдны памежатрад, маўляў, ваенная таямніца.

«Прынцып аховы мяжы такі, каб схаваць задуму аб ахове мяжы начальніка заставы. Сёння нарад - тут, заўтра - там. І ў які час ён і дзе, ніхто акрамя яго не ведае. Гэта ваенная таямніца. Можна нарвацца на муляж, а можна на памежніка», - кажуць у Дзяржпамежкамітэце.

У Дзяржпамежкамітэце таксама запэўніваюць, што «гэта ніяк не звязана з недахопам асабістага складу, гэта, хутчэй, ваенная хітрасць».

Дарэчы, зрабіць такі здымак вежы з польскага боку не складана, бо там, у адрозненне ад беларускай дзяржмяжы, няма такога паняцця, як памежная паласа, які дастаўся нам у спадчыну ад «жалезнай заслоны» часоў СССР. Таму з польскага боку можна падысці да памежных слупоў практычна ўшчыльную.

Апошнія навіны