«Рэпарцёры без межаў» зноў запатрабавалі вызваліць Сурапіна
- 9.08.2012, 13:06
Праваабарончая арганізацыя заклікала КДБ Беларусі неадкладна вызваліць беларускага журналіста.
З чарговай заявай праваабарончая арганізацыя выступіла ў сувязі з тым, што 7 жніўня КДБ прад'явіў абвінавачванні Антону Сурапіну і яшчэ аднаму затрыманаму па гэтай справе Сяргею Башарымаву па ч. 6 арт. 16 (дапамога ў здзяйсненні злачынства) і ч. 3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса, нагадвае БелаПАН.
Як гаворыцца ў апублікаванай на сайце праваабарончай арганізацыі заяве, беларускія ўлады «зноў робяць казлоў адпушчэння з людзей, якія не ўцягнутыя ў сітуацыю». Зацікаўленыя бакі і Еўразвяз павінны неадкладна хадатайнічаць за вызваленне беларускага журналіста, адзначаюць «Рэпарцёры без межаў».
Арганізацыя таксама нагадвае, што тыя ж абвінавачванні ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы вылучаныя ў дачыненні да Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы - удзельнікі акцыі маглі або планавалі здымаць жыллё.
Як адзначаюць «Рэпарцёры без межаў», Сурапін і Башарымаў «нелегальна каля месяца ўтрымліваюцца пад вартай да суда, хоць ва ўлад няма рэчавых доказаў у падтрымку абвінавачвання».
Нагадаем, Сурапін быў затрыманы 13 ліпеня ў Менску па падазрэнні ў дапамаганні незаконнаму перасячэнюю мяжы шведскім самалётам, які 4 ліпеня больш за гадзіну правёў над тэрыторыяй краіны. Над Івянцом і Менскам шведы скінулі сотні плюшавых медзведзянятаў, фатаграфіі якіх Сурапін першм выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos. Па словах журналіста, здымкі яму даслаў невядомы па электроннай пошце. У дачыненні да яго распачата крымінальная справа, яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Разам з тым адказнасць за правядзенне гэтай акцыі ўзялі на сябе супрацоўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total, якія заявілі, што правялі акцыю з мэтай падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.
Варта адзначыць, што 18 ліпеня «Рэпарцёры без межаў» ужо заклікалі вызваліць Сурапіна.
«У апошнія месяцы Лукашэнка ўжывае ўсё больш суровыя меры да іншадумцаў, тады як Беларусь, якая занесеная ў спіс праціўнікаў інтэрнэту, усё глыбей апускаецца ў палітычную ізаляцыю і эканамічную стагнацыю. У прыватнасці, рэжым узмацняе рэпрэсіі супраць тых, хто спрабуе выкарыстаць інтэрнэт для распаўсюджвання інфармацыі , правядзення кампаній або ажыццяўлення «рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі», - гаварылася ў заяве арганізацыі.