У Менск прыбыў кіраўнік ПА АБСЕ
- 10.09.2012, 12:03
Рыкарда Мільёры, старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ, і спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ПА АБСЕ Матэа Мекачы ўвечары 9 верасня прыбылі ў Беларусь.
Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе ПА АБСЕ.
Гэта папярэдні візіт, які працягнецца да 12 верасня. Пазней місія кароткатэрміновых назіральнікаў на чале з Мекачы прыбудзе ў Беларусь напярэдадні «парламенцкіх выбараў», якія пройдуць 23 верасня.
Праграмай візіту прадугледжаны сустрэчы Мільёры і Мекачы ў беларускім «парламенце», Міністэрстве замежных спраў, а таксама перамовы з кіраўніком Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай і калегамі з доўгатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЕ, якія ўжо працуюць у Беларусі.
Акрамя гэтага, прадстаўнікі ПА АБСЕ сустрэнуцца з актывістамі грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікамі незалежных СМІ, палітычных партый і непасрэднымі ўдзельнікамі выбараў - кандыдатамі ў дэпутаты.
Варта адзначыць, што Аляксандр Лукашэнка не ўхваліў прызначэнне Матэа Мекачы на пасаду кіраўніка місіі назіральнікаў ПА АБСЕ. «Думаю, што маглі б знайсці больш дасведчанага чалавека ў частцы Беларусі і сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Мы ўважліва зараз вывучаем усе гэтыя пазіцыі і, вядома ж, будзем адпаведным чынам рэагаваць», - заявіў Лукашэнка 15 жніўня ў Менску на сустрэчы з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым.
У адказ на гэта ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ сказалі: «Мекачы - менавіта той чалавек, які патрэбны для таго, каб узначаліць місію назіральнікаў і данесці пазіцыю ПА АБСЕ адносна парламенцкіх выбараў у Беларусі».
Італьянец Матэа Мекачы не раз выступаў з крытыкай афіцыйнага Менска. Так, на нарадзе па чалавечым вымярэнні ў Варшаве ў верасні мінулага года ён заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх вязняў сумлення, а таксама звярнуў увагу на шматлікія праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку свабоду СМІ, свабоду сходаў, справядлівыя выбары і сітуацыю са смяротным пакараннем.
Ініцыятарам прызначэння Мекачы кіраўніком місіі назірання за «парламенцкімі выбарамі» у Беларусі выступіў Рыкарда Мільёры