Фотарэпарцёра павезлі ў шпіталь з матчу Беларусь - Сан-Марына (Фота)
- 11.09.2012, 10:36
Прычынай таму стала хранічная недакладнасць нашых футбалістаў.
10 верасня маладзёжная зборная Беларусі завяршыла чарговы адборачны цыкл чэмпіянату Еўропы (U-21) матчам у Барысаве. Яе супернікам стала каманда карлікавай дзяржавы Сан-Марына.
Гаспадары поля валодалі пераважнай тэрытарыяльнай перавагай, але забіць ніяк не маглі. Нават пасля таго, як супернік застаўся ў меншасці. Нават з пенальці.
Чарговы ўдар Сяргея Новіка прыйшоўся міма варот, але дакладна ў фотарэпарцёра Надзею Бужан. Як паведаміў Goals.by, дзяўчыну з падазрэннем на пералом носа павезлі ў шпіталь.
Гэта апошні здымак, які Надзея зрабіла ў гэты вечар
Пасля гульні Сяргей Новік завочна папрасіў прабачэння перад пацярпелай: «Вельмі няёмка, што так атрымалася. Прашу прабачэння ў гэтай дзяўчыны. Я ж не спецыяльна трапіў ёй мячом у твар. Усё роўна мне сорамна».
А гол беларусы ўсё ж такі забілі. І, атрымаўшы перамогу над Сан-Марына з лікам 1:0, занялі ў сваёй адборачнай групе чацвёртае месца.