Беларускі фільм узяў гран-пры фестывалю Magnificat (Відэа)
- 14.09.2012, 10:35
Гран-пры VIII Фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat-2012 атрымаў беларускі фільм «Драўляны народ», паведамілі арганізатары фестывалю.
Гэты фільм рэжысёра Віктара Аслюка распавядае аб пажылым майстры, які стварае з дрэва не проста фігуркі людзей, а цэлы драўляны народ, перадае БелТА.
Таксама рознымі прызамі і дыпломамі былі адзначаны стужкі з Расеі, Польшчы, Сербіі, Эстоніі і іншых краін. У тым ліку беларускі анімацыйны фільм «Птаха» атрымаў прыз дзіцячага журы.
Фестываль Magnificat-2012 праходзіў у Менску і Глыбокім з 9 па 13 верасня. Былі паказаны стужкі больш чым 16 краін, у тым ліку Балгарыі, Германіі, Грузіі, Канады, Латвіі, Расеі, Украіны. Упершыню ўдзельнічалі фільмы з Азербайджана і Бельгіі.