АЭС пачнуць будаваць у чэрвені наступнага года
- 14.09.2012, 11:19
Асноўны перыяд будаўніцтва на Беларускай АЭС плануецца пачаць 15 чэрвеня 2013 года.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні расейскай аб'яднанай кампаніі ААТ «НІАЭП» - ЗАТ «Атамбудэкспарт» - генеральнага праекціроўшчыка станцыі і генеральнага падрадчыка яе збудавання.
У паведамленні адзначаецца, што 12 верасня адбылося пасяджэнне шостага аператыўнага штаба па будаўніцтве Беларускай АЭС пад старшынствам першага віцэ-прэм'ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі. У працы штаба прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускага ўрада, заказчыка будынка - ДУ «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі», кампаніі ААТ «НІАЭП» - ЗАТ «Атамбудэкспарт», беларускіх падрадных арганізацый, адміністрацыі Гродзенскай вобласці, перадае БелаПАН.
Паведамляецца, што ў цяперашні час на будаўнічай пляцоўцы ідуць работы па распрацоўцы катлавана энергаблока № 1. Да 20 лістапада 2012 года на катлаване трэба скончыць выкананне пластовага дрэнажу, які адначасова з'яўляецца абаронай ад прамярзання падмурка катлавана.
«Работы па катлаване вядуцца ў адпаведнасці з графікам: бетануюцца «пазухі» катлавана і ідзе падрыхтоўка да кладкі бетону пластовага дрэнажу. Ужо выкладзена больш за 5,5 тыс. кубаметраў бетону, што складае 21% ад аб'ёму пластовага дрэнажу», - адзначыў намеснік дырэктара ААТ «НІАЭП» - дырэктар прадстаўніцтва ў Беларусі Юрый Пуставой.
У цяперашні час работы вядуцца на 62 аб'ектах, 14 з якіх плануецца здаць у 2012 годзе. На пляцоўцы задзейнічана каля 200 адзінак будаўнічай тэхнікі і працуюць больш за 800 рабочых. У 2013 годзе плануецца разгарнуць работы на 35 аб'ектах.