Бабруйскі ідэолаг пагражаў рэдактару незалежнай газеты
- 17.09.2012, 9:47
Інцыдэнт адбыўся падчас пікету дэмакратычнага кандыдата Мацвея Хатары.
Галоўны рэдактар газеты «Бобруйский курьер» Анатоль Санаценка накіраваўся да месца правядзення пікету з відэакамерай і, абыходзячы групу грамадзян непадалёк, пачуў у свой адрас фразу: «Глядзі, спатыкнешся, разаб’еш камеру». Далей прагучала абразлівая фраза з нагоды здароўя журналіста, якога, па сэнсе сказанага, рэдактару можа не хапіць, каб не спатыкнуцца, паведамляе прэс-служба БАЖ.
Аўтарам выказванняў апынуўся намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Маркачоў, які курыруе ў горадзе пытанні ідэалогіі.
Інцыдэнт адбыўся ў прысутнасці некалькіх, як потым аказалася, работнікаў аддзела ідэалогіі і ўпраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама.
Рэдактар зафіксаваў усё на відэакамеру і цяпер вырашае, што яму з гэтым запісам рабіць. «Хто мог чакаць, што адзін з кіраўнікоў гарвыканкама, чалавек ужо ў гадах, апынецца здольным на такое вось вулічнае падлеткавае хуліганства?» - дзівіцца журналіст.
Між тым, пазней Анатолю Санаценке стала вядома, што за пяць хвілін да яго прыходу на пікет той жа Аляксандр Маркачоў спрабаваў перашкодзіць рабіць фотаздымкі Віктару Бузінаеву - даверанай асобе кандыдата ў дэпутаты, - пагражаючы разбіць яму фотаапарат.