BE RU EN

За адмову галасаваць - у «чорны» спіс

  • 20.09.2012, 12:40

Навучэнцаў каледжаў таксама заганяюць на датэрміновае галасаванне.

За адмову студэнты трапляюць у «чорныя спісы» і пішуць тлумачальныя.

У рэдакцыю сайта charter97.org звярнуўся навучэнец архітэктурна-будаўнічага каледжа Менска (МДАБК). Як паведаміў малады чалавек, усіх студэнтаў каледжа з раёнаў арганізавана вядуць на датэрміновыя «выбары», а менчукоў абавязваюць прыйсці на канцэрт на плошчы.

«19 верасня падчас заняткаў да нас прыйшоў прадстаўнік адміністрацыі каледжа. Усіх навучэнцаў з рэгіёнаў паднялі і дружна павялі на датэрміновае галасаванне. За гэта студэнтам абяцалі дадатковыя выходныя ў суботу і панядзелак. А усіх менчукоў абавязалі прыйсці з 19:00 да 24:00 на свята з нагоды «выбараў» на Кастрычніцкую плошчу. Сказалі, павінны прыйсці 200 чалавек ад МДАБКа. Увогуле, маразм - калі ты не ідзеш, то цябе заносяць у чорны спіс і ты пішаш тлумачальную. З усёй маёй групы, а гэта трыццаць вучняў, толькі я і яшчэ адзін чалавек пратэставалі супраць гэтага прымушэння», - распавёў малады чалавек.

«Дарэчы, дырэктар нашага каледжа Іван Шостак - давераная асоба праўладнага кандыдата па Партызанскай акрузе Аляксандра Валчанкова, дырэктара Менскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа (МДМК)», - дадаў студэнт.

Нагадаем, падчас датэрміновых «выбараў» студэнтаў ВНУ і каледжаў, ваенных, а таксама рабочых масава заганяюць галасаваць. Гэта робіцца для таго, каб забяспечыць яўку, а таксама таму, што бюлетэні з датэрміновых «выбараў» прасцей за ўсё сфальсіфікаваць.

Апошнія навіны